Чатыры чалавекі загінулі на пажарах у Віцебскай вобласці

14 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Чатыры чалавекі загінулі на двух пажарах у Віцебскай вобласці за мінулыя суткі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС. У абодвух выпадках прычынай трагедый стала неасцярожнасць пры курэнні загінулых, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане. У вёсцы Шумшчына Лёзненскага раёна пажар адбыўся ў доме жанчыны, якая тыдзень таму пераехала на пастаяннае месца жыхарства з Віцебска. Агнём знішчаны дах і столь, а пад абломкамі будаўнічых канструкцый ратавальнікі выявілі целы гаспадыні дома 1970 года нараджэння і мужчыны 1981 года нараджэння. Як устаноўлена, напярэдадні трагедыі да беспрацоўнай жанчыны на дапамогу па гаспадарцы прыехаў знаёмы з Віцебскага раёна. Другая трагедыя здарылася ў вёсцы Коласава Талачынскага раёна. З-за позняга паведамлення аб пажары да моманту прыбыцця ратавальнікаў на месца здарэння часткова абрынуліся дах і столь у доме. Пасля ліквідацыі пажару пад абломкамі канструкцый выяўлены целы гаспадыні дома 1965 года нараджэння і яе знаёмага 1980 года нараджэння. Абодва загінулыя працавалі на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Усяго з пачатку года ў вобласці адбылося 66 пажараў, на якіх загінулі 66 чалавек. Супрацоўнікам падраздзяленняў МНС удалося выратаваць чатыры чалавекі.-0-