Чатыры чалавекі выратаваны на пажарах у Віцебскай вобласці за апошнія тры дні
15 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Чатыры чалавекі выратаваны на пажарах у Віцебскай вобласці за апошнія тры дні, пры гэтым падчас ліквідацыі гэтых вогненных здарэнняў давялося эвакуіраваць 16 чалавек. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Так, у ноч на 14 жніўня пры пажары ў кватэры на пятым паверсе дома ў Віцебску ўдалося выцягнуць з агню пажылую жанчыну і яе сына. Пацярпелыя, 1935 і 1959 гадоў нараджэння, з апёкамі частак цела рознай ступені цяжкасці і атручваннем прадуктамі гарэння дастаўлены ў абласную клінічную бальніцу. Пры ліквідацыі здарэння ратавальнікі эвакуіравалі з сумежных кватэр 6 чалавек.
Як устаноўлена, прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні мужчыны, які знаходзіўся ў нецвярозым стане. У выніку ў двухпакаёвай кватэры пашкоджана маёмасць, задымлены сцены і столь, шкода ацэньваецца ў Br5 млн.
Яшчэ два чалавекі выратаваны на пажарах, якія здарыліся 12 жніўня. У Оршы супрацоўнікі падраздзяленняў МНС выратавалі інваліда II-й групы, 1958 года нараджэння, пры здарэнні ў двухпакаёвай кватэры на пятым паверсе пяціпавярховага жылога дома. Ратавальнікі аказалі пацярпеламу першую даўрачэбную дапамогу, пасля чаго мужчына быў шпіталізаваны ў гарадскую бальніцу №2 з дыягназам "атручванне прадуктамі гарэння". Па папярэдніх даных, прычынай пажару магла стаць неасцярожнасць пацярпелага пры курэнні.
У вёсцы Жукі Лажныя Шаркаўшчынскага раёна пры пажары ў прыватным будынку выратаваны гаспадар дома, 1950 года нараджэння, якога да прыбыцця падраздзяленняў МНС выцягнулі з задымленага памяшкання суседзі, мясцовыя жыхары. Пацярпелы з апёкамі спіны дастаўлены ў раённую бальніцу. Папярэдняй прычынай пажару разглядаецца неасцярожнасць мужчыны пры курэнні.-0-