Чатыры чалавекі патанулі за тры дні ў Віцебскай вобласці
4 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Чатыры чалавекі патанулі за тры выхадныя дні ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі АСВОД.
У межах Віцебска 1 ліпеня быў знойдзены труп 52-гадовага жыхара Лёзненскага раёна, які патануў, як мяркуецца, у гэты ж дзень пры купанні ў цвярозым стане. Утапленне яшчэ траіх звязана з алкаголем. Так, у Талачынскім раёне ахвярамі вады сталі 40-гадовы аршанец і 26-гадовы жыхар Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Абодва знаходзіліся каля вадаёмаў з вялікімі кампаніямі сяброў, а адпачынак суправаджаўся ўжываннем спіртных напояў. Падобная трагедыя адбылася і ў Шаркаўшчынскім раёне: 37-гадовы мужчына ў нецвярозым стане пераплываў сажалку каля вёскі Більдзюгі, заматаўся ў ціну і патануў.
Усяго, па аператыўных даных, за чэрвень у Віцебскай вобласці патанулі 11 чалавек, у тым ліку адно малалетняе дзіця.
З мэтай прадухілення падобных трагедый супрацоўнікі АСВОД заклікаюць захоўваць асцярожнасць пры адпачынку каля вадаёмаў, не ўжываць спіртное. Асаблівую пільнасць варта праяўляць бацькам і ні ў якім разе не пакідаць нават на невялікі час дзяцей без нагляду.-0-