Чатыры экіпажы ў Віцебскай вобласці пераадолелі мяжу па намалоце 1,5 тыс. т збожжа
12 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Чатыры экіпажы збожжаўборачных камбайнаў у Віцебскай вобласці пераадолелі мяжу па намалоце 1,5 тыс.т збожжа, яшчэ 51 экіпаж намалаціў звыш 1 тыс.т. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным камітэце прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Самы важкі вынік па намалоце дэманструе камбайнер Уладзімір Лапкоўскі з ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна. Паводле даных на 12 жніўня, ён паклаў у засекі 1 тыс. 871 т збожжа, скасіўшы на New-Holland звыш 430 га. Другім па намалоце ідзе Анатоль Жылінскі з Лепельскай сартавыпрабавальнай станцыі. Працуючы на КЗС-1218, лепельскі камбайнер скасіў 358 га і намалаціў 1 тыс. 820 т. Толькі моцныя дажджы, якія прайшлі над вобласцю на працягу тыдня і прыпынілі ўборачныя работы, не дазволілі лідарам ужо на бягучым тыдні намалаціць звыш 2 тыс.т.
Найбольшую колькасць экіпажаў-тысячнікаў працуе на палях Віцебскага (12 экіпажаў) і Верхнядзвінскага (11) раёнаў. Сярод маладзёжных экіпажаў не саступаюць лідарства камбайнеры Сяргей Гапановіч і Аляксей Пілюшын з ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна, якія намалацілі на КЗС-1218 амаль 1,4 тыс.т. За імі з намалотам каля 1,3 тыс.т ідзе экіпаж братоў Аляксандра і Дзмітрыя Зябко з сельгаспрадпрыемства "Чашніцкае" аднайменнага раёна.
Лепшы вынік на адвозцы збожжа ад камбайнаў у Аляксандра Бацяна з ААТ "Якубава-Агра" Дубровенскага раёна. Працуючы на МАЗ-555, ён перавёз да месцаў дапрацоўкі 3,2 тыс.т збожжа. Трохі яму саступае лідар спаборніцтва сярод маладых кіроўцаў Мікалай Вятаха з ААТ "Іванскі -Агра" Чашніцкага раёна, які на МАЗ-555 адвёз каля 2,6 тыс.т збожжа.
Паводле даных на 12 жніўня, усяго ў вобласці збожжавыя скашаны на плошчы каля 307,8 тыс.га, што складае амаль 70% плошчаў, якія падлягаюць уборцы. Намалочана 977,3 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 31,8 ц/га, што на 11,8 ц/га перавышае аналагічны паказчык 2010 года. Самую высокую ўраджайнасць - 62 ц/га - атрымліваюць у СПК "Ларынаўка" Аршанскага раёна. Другі вынік па ўраджайнасці ў СПК "Калгас "Альгоўскае" Віцебскага раёна, дзе з аднаго гектара ўбіраюць 57,4 ц збожжа.
У кошт дзяржзаказу гаспадаркі вобласці здалі каля 146,1 тыс.т збожжа, што складае каля 78,6% плана. Лён выцерабілі на плошчы амаль 14,1 тыс.га, або каля 78% плана.
Пасевы азімага рапсу пад ураджай 2012 года займаюць каля 25 тыс.га, што складае амаль 50% планаванай пасяўной плошчы гэтай культуры.-0-