Да канца года ў Віцебскай вобласці з'явяцца чатыры энергаэфектыўныя жылыя дамы

7 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Будаўніцтва чатырох энергаэфектыўных жылых дамоў завяршаецца ў Віцебскай вобласці. Усе яны будуць здадзены ў эксплуатацыю ў бягучым годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус. У адпаведнасці з комплекснай праграмай па праектаванні, будаўніцтве і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў у Беларусі на 2009-2010 гады і на перспектыву да 2020 года два дамы з'явяцца ў Наваполацку, яшчэ па адным у Оршы і Віцебску. Варта адзначыць, што ў абласным цэнтры гэта будзе другі энергаэфектыўны дом. Першы быў здадзены ў эксплуатацыю ў сакавіку бягучага года і ўжо абжываецца новасёламі мікрараёна Медцэнтр. Праект новых дамоў распрацаваны інстытутам "Віцебскграмадзянпраект" і прадугледжвае павышаную цеплаізаляцыю сцен, спецыяльную сістэму вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла паветра, што выходзіць, і іншыя інавацыйныя элементы, якія дазваляюць знізіць узровень спажывання цеплавой энергіі на 20-40% у параўнанні са звычайным домам і паменшыць плацяжы жыльцоў па аплаце спажыванай цеплаэнергіі. У Віцебскай вобласці сярэдні кошт аднаго квадратнага метра ў энергаэфектыўным доме складае Br2,7 млн пры сярэдняй цане квадратнага метра ў звычайных дамах каля Br2 млн. Разам з тым пры запланаваным зніжэнні энергаспажывання на ацяпленне акупнасць затрат складзе каля 6 з паловай гадоў. А пры павелічэнні кошту энергурэсурсаў тэрмін акупнасці скароціцца, сцвярджаюць спецыялісты. Будаўніцтва энергаэфектыўнага дома пачата таксама ў Полацку. Адным энергаэфектыўным домам больш стане і ў абласным цэнтры. Плануецца, што яны будуць здадзены ў эксплуатацыю ў наступным годзе.-0-