Чатыры гады пазбаўлення волі атрымаў віцебскі безбілетнік за напад на іншага пасажыра

12 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Да чатырох гадоў пазбаўлення волі асуджаны безбілетнік з Віцебска за напад на іншага пасажыра, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастановаў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Арэхва. Рэзанансная падзея адбылася ў Віцебску ў кастрычніку 2011 года. Мужчына, які ехаў днём у тралейбусе па праспекце Фрунзе, выйшаў на прыпынку разам з безбілетным пасажырам, які адмовіўся аплачваць праезд, і зрабіў яму заўвагу. У канфлікце, які адбыўся пасля, безбілетнік у якасці аргументу выкарыстаў нож, які меў пры сабе, і ўсадзіў яго ў грудзі свайму апаненту. Нягледзячы на цяжкае раненне, пацярпелы паспеў паведаміць па гарачай лініі 102 аб тым, што здарылася, і назваць прыкметы крыўдзіцеля. Неадкладная рэакцыя супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прафесіяналізм урачоў дазволілі выратаваць жыццё параненага, а таксама на працягу некалькіх хвілін затрымаць нападніка. Апошні, як потым высветлілася, ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і больш за сотню разоў - да адміністрацыйнай адказнасці за дробныя крадзяжы.-0-