Чатыры грамадзяніны РФ сталі членамі тэрытарыяльных выбарчых камісій у Віцебскай вобласці

1 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі ўвайшлі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Леанід Дарафеенка. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам грамадзяне Расіі могуць вылучацца і быць абранымі дэпутатамі мясцовых Саветаў, а таксама могуць быць уключаны ў склад выбарчых камісій, нагадаў Леанід Дарафеенка. На выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 26-га склікання расіяне будуць працаваць у складзе раённай і трох сельскіх камісій. У Віцебскай вобласці створана 240 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах, у тым ліку 1 абласная, 21 раённая, 7 гарадскіх, 12 пасялковых, 199 сельскіх. У іх складзе будуць працаваць 1986 чалавек, прычым большая частка з іх (78%) - жанчыны, кожны дзясяты член камісіі - маладзейшы за 30 гадоў. Прадстаўніцтва дзяржаўных служачых складае менш за 10%. Амаль 45% членаў камісій былі вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заяў, каля 37% - вылучэнцы партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Найбольшую актыўнасць пры гэтым праявілі прафсаюзы: кожны пяты член тэрытарыяльных камісій прадстаўляе самае масавае грамадскае аб'яднанне краіны. У склад камісій таксама ўвайшлі члены Партыі левых "Справядлівы свет", Камуністычнай партыі Беларусі, Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. -0-