Чатыры буйныя праекты з удзелам народных майстроў прадставяць сёлета на «Славянскім базары».

Чатыры буйныя праекты з удзелам народных майстроў пройдуць сёлета на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта паведаміла сёння на брыфінгу дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. 

Традыцыйна адзін з найбольш відовішчных складнікаў форуму звязаны з праектамі, у якіх удзельнічаюць майстры народных рамёстваў. На сёлетнім фестывалі ў спісе асноўных - чатыры. Гэта святы-конкурсы па выцінанцы "Ажурныя мары", традыцыйнай свістульцы "Салавейка-2019", саломапляценні "Папараць-кветка" і выстава-конкурс майстроў па лоскутнай тэхніцы "Віцебская мазаіка". "Прыём заявак на ўдзел у іх праходзіць на працягу чэрвеня. Чакаецца, што агулам яны збяруць каля 150 майстроў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі", - адзначыла Кацярына Лабука. Паводле яе слоў, кожны з гэтых праектаў па-свойму ўнікальны і прыцягальны, рыхтуе відовішчныя сюрпрызы для гасцей форуму. Напрыклад, на свяце-конкурсе па саломапляценні ўдзельнікі пад кіраўніцтвам вядомай майстрыхі з Шуміліна Наталлі Сцержанковай сплетуць паўтараметровага салом'янага павука. Зводны нумар "Салаўіная рошча", які імітуе шматгалоссе салаўіных пераліваў, абяцаюць арганізатары на свяце "Салавейка-2019". 

Уражлівымі момантамі запомняцца VI турнір нацыянальных танцаў (пройдзе на плошчы Перамогі з удзелам больш за 100 пар) і II Міжнародны фестываль-конкурс барабаншчыц і мажарэтак. Паборваюцца за званне лепшага гарманіста і частушачніцы ўдзельнікі з Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцей Беларусі і расійскага Смаленска на конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі "А музыкі граюць, граюць…". Асобнай увагі заслугоўвае праект "Беларуская гасціннасць", які будзе праводзіцца ў дні асноўных падзей фестывалю і ўключаць прэзентацыі аўтэнтычных страў беларускай нацыянальнай кухні, брэндавых мерапрыемстваў раёнаў Віцебскай вобласці і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей паўночнага рэгіёну. 

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня.