Чатыры прадстаўніцы Віцебскай вобласці атрымалі ўзнагароды з рук Прэзідэнта
– Сёння ў залу запрошаны афіцэры і тыя, дзеля каго яны нясуць сваю нялёгкую службу, – нашы цудоўныя жанчыны, прадстаўніцы самых мірных і творчых прафесій на Зямлі, – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хоць у грамадстве, як і ў сям'і, у мужчын і жанчын розныя ролі, але сапраўдная гармонія ствараецца толькі сумеснымі намаганнямі.
Сёння ў Беларусі прадстаўніцы прыгожага полу праяўляюць сябе ў многіх сферах, у прафесіі і грамадскай дзейнасці, ствараюць на карысць дзяржавы, уносяць важкі ўклад у развіццё эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, культуры, навукі. Расце роля жанчын і ў сістэме дзяржкіравання, палітычным жыцці краіны. Пацвярджэннем гэтага стала ўручэнне дзяржаўных узнагарод. Прыемна, што сярод узнагароджаных ёсць і жыхаркі Віцебскай вобласці, чыя дзейнасць атрымала такую высокую ацэнку.
Медаль «За працоўныя заслугі» Прэзідэнт уручыў намесніку начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ларысе Аленскай, пад кіраўніцтвам якой у рэгіёне рэалізаваны шэраг культурных праектаў і праграм, а таксама настаўніку інфарматыкі гімназіі №8 Віцебска Вераніцы Лакцінай, якая падрыхтавала за час працы пяць пераможцаў міжнародных алімпіяд і 67 – рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па інфарматыцы.
Словы асаблівай удзячнасці і глыбокай павагі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шматдзетным маці.
– Захоўвайце ў сабе гэтае святло, якое асвятляе вашы сем'і, родных, блізкіх, калег. Бо сучаснаму грамадству так патрэбны мудрасць, дабрыня, згода, якія вы нясеце, і мір, – пажадаў кіраўнік дзяржавы. Ордэны Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей ён уручыў 21 шматдзетнай жанчыне, у тым лікудвум прадстаўніцам Прыдзвіння. Гэта хатняя гаспадыня з Оршы Вольга Котава і лабарантка СШ №22 Віцебска Людміла Серболіна.
Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што толькі пад мірным небам можна будаваць шчаслівае жыццё, выхоўваць дзяцей, рэалізоўваць свае таленты і здольнасці. І гэта задача людзей у форме, якія стаяць на варце бяспекі і абароны інтарэсаў грамадзян і краіны. Іх праца таксама адзначана кіраўніком дзяржавы. Так, Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-маёра юстыцыі начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Уладзіміру Шалухіну. Акрамя таго, воінскае званне генерал-маёра прысвоена начальніку ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Віцебскай вобласці Сяргею Феакціставу.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці". Фота БелТА.