Чатыры раёны Віцебскай вобласці прымуць удзел у экалагічным форуме ў Бялградзе

Дэлегацыі дзесяці раёнаў Беларусі на запрашэнне Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра Цэнтральнай і Усходняй Еўропы наведаюць Сербію.

У экалагічным форуме, які пройдзе з 19 па 22 верасня ў Бялградзе, прымуць удзел і прадстаўнікі чатырох рэгіёнаў Віцебскай вобласці – Браслаўскага, Глыбоцкага, Чашніцкага і Полацкага раёнаў.

Як распавяла начальнік аддзела эканомікі Чашніцкага райвыканкама Алена Дранеўская, яшчэ ў красавіку гэтага года ў раёне пачалі працаваць над праектамі, накіраванымі на паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі і захаванне навакольнага асяроддзя, якія паспяхова прайшлі адборачныя туры і ўключаны ў праграму «Падтрымка ўстойлівасці і планавання экалагічнай дзейнасці ў населеных пунктах Беларусі і Малдовы». Фінансуецца праграма шведскім Агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця. Для ўкаранення інвестыцыйнага праекта Чашніцкаму раёну выдзелены грант на 50 тысяч еўра.

У Бялградзе, куды адправяцца сама Алена Дранеўская, а таксама старшыня райвыканкама Уладзімір Булай, дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Чашнікаў Уладзімір Дранеўскі і начальнік аддзела эканомікі УНП ЖКГ «Камунальнік» Новалукомля Надзея Шышпар, бакі падпішуць пратакол намераў і канчаткова вызначацца з інвестыцыйным праектам, над ажыццяўленнем якога будуць працаваць у раёне. Дарэчы, Надзея Шышпар пройдзе навучанне і стане кансультантам Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра Цэнтральнай і Усходняй Еўропы па ажыццяўленні інвестыцыйнага праекта ў Чашніцкім рэгіёне.

Алена Целятка, "Віцебскія весці"