Чатыры раёны Віцебскай вобласці завяршылі ўборку збожжавых
1 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі, Пастаўскі, Сенненскі і Чашніцкі раёны Віцебскай вобласці завяршылі ўборку збожжавых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Менш за 3% засталося ўбраць у гаспадарках Глыбоцкага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Полацкага, Шаркаўшчынскага і Шумілінскага раёнаў. Не дасягнулі па стане на 1 верасня 90-працэнтнай мяжы толькі Міёрскі і Расонскі раёны. У цэлым на 1 верасня ўбрана больш за 96% пасяўных збожжавых плошчаў пры сярэдняй ураджайнасці 32,5 ц/га. Валавы збор збожжа склаў больш за 1 млн. 100 тыс. т. Лідэрства па намалоце ўстойліва ўтрымлівае Аршанскі раён, дзе намалочана 111 тыс. т хлеба.
Паўняецца новымі імёнамі клуб камбайнераў-тысячнікаў Віцебскай вобласці. Па апошніх дадзеных, у яго складзе ўжо 211 чалавек. Гэта прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў вобласці за выключэннем Расонскага раёна. А СПК "Прудзінкі" Верхнядзвінскага і КУСВП "Купалаўскі" Аршанскага раёнаў ушаноўваюць сваіх першых камбайнераў-трохтысячнікаў.
Уборачная кампанія стартавала ў Віцебскай вобласці ў пачатку жніўня. Пры спрыяльных умовах надвор'я завяршыць яе плануецца ў найкарацейшыя тэрміны. Для гэтага прыкладаюцца ўсе намаганні, адзначылі ў аблсельгаспрадзе.-0-