Чатыры лічбавыя перадатчыкі ўведзены ў эксплуатацыю ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе
30 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вяшчанне лічбавага тэлебачання арганізавана ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці - напярэдадні новага года запушчаны лічбавы перадатчык на радыётэлевізійнай перадаючай станцыі ў населеным пункце Бычыха. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны інжынер Віцебскага філіяла РУП "Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр" Леанід Хішоў. Такім чынам, у 2009 годзе ўсяго ў вобласці ўведзены ў эксплуатацыю чатыры лічбавыя перадатчыкі.
У 2009 годзе лічбавы пакет тэлепраграм ("Першы канал", "АНТ", "ЛАД", "СТБ", "НТБ-Беларусь", "РТР-Беларусь", "Мір", "8 канал") стаў даступны для прыёму жыхарам Віцебска і прыгарада (разліковая зона абслугоўвання складае да 40 км), Браслава (36 км) і Гарадоцкага (да 20 км) раёна. Работы праведзены па плане паскоранага ўкаранення лічбавага тэлевізійнага вяшчання ў Беларусі, распрацаваным у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай укаранення лічбавага тэлевізійнага вяшчання да 2015 года, за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Мінсувязі і абласнога бюджэту.
Таксама ў гэтым годзе падчас выканання абласной праграмы будаўніцтва, тэхнічнага пераўзбраення і пашырэння радыётэлевізійных станцый уведзена ў эксплуатацыю Асвейская радыётэлевізійная перадаючая станцыя (н.п. Асвея Верхнядзвінскага раёна). Гэтая аддаленая тэрыторыя Верхнядзвінскага раёна знаходзіцца па-за зонай упэўненага прыёму дзеючых перадатчыкаў. Цяпер жыхарам паўночнай ускраіны вобласці акрамя лічбавага пакета сталі даступныя пяць праграм аналагавага тэлебачання і тры радыёпраграмы. Разліковая зона абслугоўвання станцыі складае да 50 км.
Усяго ў Віцебскай вобласці дзейнічаюць шэсць перадатчыкаў лічбавага тэлесігналу. У 2008 годзе арганізавана лічбавае тэлевяшчанне ў Оршы. Пры гэтым упершыню ў Беларусі на Аршанскай перадаючай станцыі прыменены стандарт удасканаленага сціску сігналу для лічбавага тэлебачання MPEG-4./AVC. Раней радыётэлевізійны перадаючы рэтранслятар лічбавага сігналу быў уведзены ў эксплуатацыю ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына.
У 2010 годзе па вобласці плануецца ўсталяваць пяць лічбавых перадатчыкаў у Лёзне, Сенне, Ушачах, а таксама ў Росанскім і Талачынскім раёнах.-0-