Чатырнаццаць дыпломаў заваявалі віцебскія студэнты на конкурсе дызайну ў Маскве
13 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Чатырнаццаць дыпломаў заваявалі студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на VI Міжнародным конкурсе дызайнерскіх работ "Перспектыва" у Маскве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дацэнт кафедры дызайну віцебскай ВНУ Наталля Лісоўская.
У актыве будучых дызайнераў і мадэльераў дзесяць сярэбраных і чатыры бронзавыя ўзнагароды прэстыжнага творчага спаборніцтва. Віцяблянам у гэтым годзе давялося вытрымаць жорсткую канкурэнцыю - усяго ў конкурсе прымала ўдзел больш за 1,5 тыс. работ студэнтаў з 18 ВНУ краін СНД.
Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт прадстаўлялі на конкурсе 28 студэнтаў, у тым ліку першакурснікі. Асноўную частку праектаў склалі дызайнерскія работы ў галіне дызайну тэкстылю для інтэр'еру, адзення, аксесуараў, дываноў, парцьерных тканін, а таксама работы па праектаванні адзення і рэкламы для моднай індустрыі. У скарбонку ўзнагарод віцяблян падвойны ўклад зрабіла Алена Круковіч, якая заваявала прызавыя месцы адразу па дзвюх намінацыях - дызайн трыкатажных палотнаў для адзення і тэкстылю для інтэр'еру.
Віцебская ВНУ пастаянна ўдзельнічае ў гэтым прэстыжным міжнародным конкурсе, які з'яўляецца своеасаблівым інкубатарам творчай думкі і дызайнерскім інавацыйным цэнтрам. Фармат мерапрыемства дае магчымасць не толькі адкрыць новыя перспектывы для творчасці, зрабіць прэзентацыю сваіх работ перад шырокай аўдыторыяй спецыялістаў у галіне моднай індустрыі і рытэйлу, але і рэалізаваць дызайнерскія праекты на практыцы, падкрэсліла Наталля Лісоўская. Так, ужо 9 дызайнерскіх работ студэнткі 5-га курса ВДТУ Марыны Смаль, якая неаднаразова перамагала на конкурсе, ужо ўкараняюцца ў вытворчасць на РУП "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне" і РУПТП "Аршанскі льнокамбінат".
Міжнародны конкурс "Перспектыва" праходзіў у рамках XXXIII Федэральнага аптовага кірмашу тавараў і абсталявання тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці "Тэкстыльлегпрам" з удзелам спецыялістаў з 33 краін. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Расійскі саюз прадпрымальнікаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці, ЗАТ "Тэкстыльэкспа" і Маскоўскі дзяржаўны тэкстыльны ўніверсітэт імя Андрэя Касыгіна.-0-