Чэхаўскі «Чорны манах» стане галоўнай прэм'ерай 28-га сезона Беларускага тэатра «Лялька»
Беларускі тэатр "Лялька" у Віцебску адкрые 28-ы сезон у апошнюю нядзелю верасня спектаклямі і для дзіцячай, і для дарослага гледача. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Маленькім гледачам 29 верасня ў праграме ўрачыстага адкрыцця сезона будзе прадстаўлены канцэрт, падрыхтаваны даўнімі сябрамі "Лялькі" - вучнямі сярэдняй школы №33 з музычным ухілам. Затым дзяцей чакае сустрэча з палюбіўшыміся героямі пастаноўкі "Кветачка-вяселка".
Дарослую аўдыторыю "Лялька" запрашае на вячэрні спектакль "Дзядзька Ваня і сёстры тры", які ўбачыў свет рампы ў канцы мінулага сезона. Пастаноўку сваёй п'есы ў Віцебску ажыццявіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў. "Дзядзька Ваня і сёстры тры" - гэта разважанні над жыццём, лёсам і прафесіяй. Дзеянне адбываецца ў правінцыйным тэатры. Акцёр Уладзімір Белаў вядзе размову пра самае запаветнае з самім сабой і богам. Для яго жыццё - гэта чарада нерэалізаваных магчымасцей. Кожны чалавек спадзяецца атрымаць у жыцці вялікую ролю, але лёс распараджаецца інакш. Спектакль "Дзядзька Ваня і сёстры тры" - гісторыя пра няшчаснага акцёра і чалавека, якому не ўдалося рэалізавацца ў жыцці.
Гэты спектакль папярэднічае канцэртная праграма, падрыхтаваная вучнямі Віцебскага каледжа імя І.Соллерцінскага, а таксама традыцыйная цырымонія ўзнагароджання лепшых артыстаў мінулага сезона ў намінацыях "Лепшая мужчынская роля", "Лепшая жаночая роля" і "Лепшая эпізадычная роля".
У цэлым 28-ы сезон будзе багаты на падзеі. У "Ляльцы" плануюць выпусціць некалькі новых спектакляў. Для самых маленькіх рыхтуецца інсцэніроўка казкі шведскага дзіцячага пісьменніка і ілюстратара Свена Нурдквіста "Як Фіндус згубіўся". Рэжысёрам спектакля з'яўляецца Святлана Бень, якая ўжо працавала з трупай "Лялькі". Галоўнай прэм'ерай сезона стане спектакль для дарослых па матывах аповесці Антона Чэхава "Чорны манах". "Гэта вельмі цікавы і моцны матэрыял пра страчанага чалавека. Працаваць над спектаклем будзе няпроста, але мастацтва - гэта заўсёды складана", - сказаў Віктар Клімчук.
Не абыдзецца новы сезон і без фестываляў. Ужо ў кастрычніку Беларускі тэатр "Лялька" прадставіць на форуме ў польскім горадзе Катавіцы спектакль па матывах японскіх казак "Чароўная зброя Кэндзо". 27 кастрычніка ў тэатры пройдзе юбілейны вечар вядучага майстра сцэны Аляксандра Маханькова.
Беларускі тэатр "Лялька" быў утвораны ў Віцебску ў 1985 годзе пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Першы спектакль "Дзед і Жураўль" па п'есе Віталя Вольскага быў сыграны 20 красавіка 1986 года. У 1990 годзе лялечная трупа вылучылася ў самастойны калектыў з асобным будынкам у цэнтры горада.
Алена Ціханава