Чыноўнікі павінны выконваць свае абавязацельствы перад людзьмі - Н.Дамашкевіч

27 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Чыноўнікі павінны выконваць свае абавязацельствы перад людзьмі. Такое меркаванне выказаў сёння на асабістым прыёме грамадзян памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усяго на прыёме сёння пабывалі каля 30 чалавек. Аднымі з найбольш вострых былі пытанні па зацягванні будаўніцтва жылля. Па словах Мікалая Дамашкевіча, чыноўнікі замест таго, каб сустрэцца з насельніцтвам, абмеркаваць балючыя пытанні і дапамагчы іх вырашыць, зацягваюць пытанні непатрэбнай перапіскай і абяцаннямі. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з будаўніцтвам дома на вуліцы Чкалава ў Віцебску: "Год таму яшчэ павінны былі ўвесці гэты дом, 90% кошту жылья людзі аплацілі ўласнымі грашыма, а жыллё ўсё яшчэ не дабудавана". Прычына гэтага пытання, на яго думку, заключаецца ў невыкананні даручэння старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Касінца па арганізацыі 2-3-зменнага рэжыму працы на аб'ектах будаўніцтва горада. "Неабходна ўзяць гэтае пытанне на кантроль і дапамагчы людзям. Свае абавязацельствы перад людзьмі, каб потым не чырванець, кіраўнікі органаў улады павінны выконваць", - падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. Падводзячы вынікі прыёму, Мікалай Дамашкевіч зрабіў выснову аб неабходнасці павышэння якасці, прадукцыйнасці і адказнасці ў працы кожнага. Гэта датычыцца і прадстаўнікоў органаў улады, і простых рабочых. "Усім трэба лепш працаваць незалежна ад сферы дзейнасці і займанай пасады, выконваць сваю працу якасна, тады палепшыцца і дабрабыт кожнай асобнай сям'і, і краіны ў цэлым", - заключыў памочнік Прэзідэнта.-0-