Чыноўнікі любога ўзроўню павінны дапамагаць людзям у вырашэнні праблем - А.Косінец

2 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Чыноўнікі любога ўзроўню павінны дапамагаць людзям у вырашэнні праблем. Аб гэтым заявіў сёння на асабістым прыёме грамадзян старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Дзяржаўны служачы на любой пасадзе і любога ўзроўню павінен забяспечыць рэгулярны прыём грамадзян - так, як гэта прапісана ва ўсіх палажэннях. Плюс да таго, дзе б людзі ні звярталіся, трэба вырашаць іх праблемы", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Ён звярнуў увагу на неабходнасць узмацняць гэту работу на месцах з тым, каб элементарныя пытанні не пераводзіліся ў ранг невырашальных. У цэлым губернатар адзначыў паляпшэнне работы са зваротамі грамадзян. "Вы бачыце, які давер улада мае ў насельніцтва. Гэта дорага каштуе. Людзі, якія прыйшлі сёння на прыём, вырашаюць разам з уладай важныя пытанні. У гэтым напрамку мы будзем рухацца і далей, забяспечваючы права кожнага чалавека выказаць сваю кропку гледжання, звярнуцца ў любую інстанцыю для таго, каб атрымаць аргументаваны адказ, вырашыць любую праблему", - рэзюмаваў Аляксандр Косінец. На асабістым прыёме ў старшыні аблвыканкама пабывалі дзевяць чалавек. Праблемы большасці з іх былі звязаны з жыллёвымі пытаннямі: паляпшэннем умоў пражывання, перапланіроўкай, адсяленнем са сталага жылля і г.д. Па кожным з іх губернатар даў вычарпальны адказ, а ў выпадках, дзе гэта было неабходна, даручыў кіраўнікам адпаведных ведамстваў і органаў улады разабрацца і дапамагчы людзям.-0-