Чыноўнікі Віцебскай вобласці будуць адказваць за выкананне дэкрэта №18 самым строгім чынам - А.Косінец

4 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці будзе ўзмацняцца кантроль за выкананнем дэкрэта №18. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У цяперашні час у рэгіёне пражываюць каля 4,5 тыс. сацыяльных сірот. Больш за 3,7 тыс. дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. "Ненармальная абстаноўка ў сем'ях, бацькі-алкаголікі ствараюць рэальную пагрозу для жыцця гэтых дзяцей. Між тым выпадкі валакіты, халатнага стаўлення зацікаўленых асоб да выканання дэкрэта №18 па-ранейшаму носяць распаўсюджаны характар", - канстатаваў Аляксандр Косінец, адзначыўшы некаторыя крычушчыя факты. Так, у Першамайскім раёне Віцебска трое дзяцей пражываюць з маці, якая злоўжывае спіртнымі напоямі, і яе сужыцелем, які пакутуе на туберкулёз. Меры ў дачыненні да гэтай сям'і з боку раённага аддзела адукацыі не прымаюцца. У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама даручыў вызваліць ад займанай пасады начальніка гэтага ведамства. "Чыноўнікі, якія дапусцілі неўважлівае стаўленне да дзяцей і праблем, што іх датычацца, павінны і будуць адказваць за свае дзеянні самым строгім чынам, аж да вызвалення ад займанай пасады", - падкрэсліў кіраўнік вобласці. У цэлым ацэнка работы па дэкрэце ўсіх зацікаўленых ведамстваў вобласці нездавальняючая, заключыў губернатар. У Беларусі 1 студзеня 2007 года ўступіў у сілу дэкрэт №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем'ях". Дакумент накіраваны, з аднаго боку, на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нядобранадзейных сем'ях, а з другога - на павышэнне адказнасці бацькоў шляхам пакрыцця імі выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне іх дзяцей.-0-