Чыноўнікі Віцебскай вобласці сёння будуць вучыцца зарабляць грошы
16 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння пройдзе абласны семінар, прысвечаны эфектыўнасці работы ўстаноў бюджэтнай сферы па аказанні платных паслуг, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
У мерапрыемстве возьмуць удзел каля 150 чалавек: начальнікі аддзелаў адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізічнай культуры, спорту і турызму з усіх раёнаў. На прыкладзе знаёмства з дзейнасцю розных устаноў сацыяльнай сферы яны будуць вучыцца развіваць платныя паслугі. Так, у абласным цэнтры ўдзельнікам трэба будзе наведаць дзіцячыя яслі-сад №99, дзе паспяхова працуе група кароткачасовага знаходжання для адаптацыі дзяцей да дзіцячага садка, пазнаёміцца з гуртковай работай у агульнаадукацыйных школах, установах сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, цэнтры народных рамёстваў "Задзвінне". Таксама будзе вывучана арганізацыя прадастаўлення платных паслуг у абласным дыягнастычным цэнтры, хакейным клубе "Віцебск" і іншых установах сферы культуры і спорту.
Работа семінара будзе арганізавана па групах. Вынікі мерапрыемства ўдзельнікі падвядуць увечары на сумесным пасяджэнні. Арганізатарам мерапрыемства выступае Віцебскі аблвыканкам.
Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама, у 2010 годзе рост платных паслуг у вобласці павінен скласці 113-114% да ўзроўню мінулага года, у тым ліку ў сферы культуры - 117,5-118,5%, аховы здароўя - 119-120%, адукацыі - 108-109,4%, фізічнай культуры і спорту - 120-125,5%. -0-