Чыноўнікі Віцебскай вобласці выйшлі на суботнік
11 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Чыноўнікі Віцебскай вобласці ўзяліся за лапаты і мятлы і выйшлі сёння на суботнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў населеных пунктах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да кіраўнікоў і работнікаў аблвыканкама, гарадскіх і раённых выканкамаў далучыліся адміністрацыі прадпрыемстваў і арганізацый, актывісты БРСМ, ветэраны і неабыякавыя гараджане. Усе сродкі, заробленыя на суботніку, яго ўдзельнікі вырашылі пералічыць дзіцячым дамам вобласці.
Як адзначыў у гутарцы з журналістамі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, які працаваў на будаўніцтве парапета на набярэжнай Віцьбы ў Віцебску, галоўная задача суботніка - зрабіць гарады і пасёлкі Віцебшчыны прыгожымі, утульнымі і зручнымі для жыцця людзей. Ён дадаў, што добраўпарадкаванне цэнтральнай часткі Віцебска плануецца завяршыць ужо да лістапада бягучага года, каб у наступным годзе надаць асноўную ўвагу ўскраінам горада, дваравым тэрыторыям у жылых мікрараёнах на перыферыі. На гэтыя мэты ў 2011 годзе плануецца накіраваць больш за Br100 млрд. Аляксандр Косінец упэўнены, што ўкладанні ў гарадскую інфраструктуру эканамічна апраўданы. Напрыклад, тавараабарот магазінаў, размешчаных на абноўленай плошчы Перамогі ў Віцебску, узрос на Br15 млрд.
Разам з тым, надаючы пільную ўвагу добраўпарадкаванню Віцебска, аблвыканкам мае намер працягнуць навядзенне парадку ў райцэнтрах і пасёлках. Ужо прыкметна папрыгажэлі Бегамль, Коханава, Богушэўск, завяршаюцца работы па добраўпарадкаванні Росанаў, Асінторфа. У 2011 годзе плануецца пачаць будаўніцтва лядовага палаца ў Наваполацку і прыступіць да будаўніцтва яшчэ аднаго моста праз Заходнюю Дзвіну, які злучыў бы новабудоўлі нафтаграда і Полацка. Пільная ўвага будзе нададзена рэалізацыі комплекснай праграмы развіцця Полацка, сказаў Аляксандр Косінец.
У 2011 годзе ў вобласці пачнецца рэалізацыя рэгіянальнай праграмы "500", у адпаведнасці з якой на працягу пяці гадоў у вобласці будуць добраўпарадкаваны пляжы каля 500 вадаёмаў, пабудаваны 500 паляўнічых домікаў, з'явяцца 500 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, працягнуў губернатар. Галоўная мэта гэтай праграмы - зрабіць рэгіён прывабным для развіцця ўязнога турызму, развіваць сферу паслуг.
Аляксандр Косінец падкрэсліў, што паспяховая праца сферы адпачынку і турызму нароўні з сельскай гаспадаркай, прамысловасцю і будаўніцтвам стануць залогам выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці на бліжэйшую пяцігодку.-0-