Чырлідынг і сілавыя трэніроўкі ў глыбінцы. Новы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр набірае папулярнасць у Шуміліне

Чирлидинг и силовые тренировки в глубинке. Новый физкультурно-оздоровительный центр набирает популярность в Шумилино
Дзясяткі жыхароў Шуміліна ўжо скарысталіся магчымасцю набыць месячныя абанементы на наведванне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

Хоць здадзены аб'ект быў яшчэ на пачатку восені, першых наведвальнікаў сучасная ўстанова, дзе створаны выдатныя ўмовы для актыўнага адпачынку, прыняла толькі 15 лістапада. З таго часу прайшло няшмат часу. Але нават за адзін месяц працы стала ясна, што пустым ФАЦ не будзе. Насельніцтва даўно чакала адкрыцця гэтай установы, бо раней аматарам фізкультуры і спорту даводзілася шукаць месца для заняткаў. Цяпер жа кожны ў гарпасёлку ведае, дзе лепш за ўсё правесці вольны вечар. 

Уважлівы кваліфікаваны персанал, прасторныя светлыя памяшканні, камфортныя раздзявалкі і душэвыя, новае абсталяванне — многія шумілінцы паспелі ацаніць гэта па годнасці, вырашыўшы і надалей наведваць цэнтр. Тут дапамогуць выбраць найбольш прыдатныя нагрузкі з улікам асабістых пажаданняў і стану здароўя.

Прадстаўніцы прыгожага полу з задавальненнем займаюцца аэробiкай і пiлатэсам (прычым пераважная большасць купляе месячныя абанементы). Акрамя таго, дзяўчатам спадабаліся кардыятрэнажоры, дзе можна задаць час і хуткасць з улікам сваёй фізічнай падрыхтоўкі.

 

Праўда, ёсць і такія жыхаркі Шуміліна, якім падабаюцца сілавыя трэнажоры. Добра, што іх тут цэлых два залы, усё абсталяванне сучаснае, што дазваляе нагружаць розныя групы мышц. Але, вядома, прыходзяць падпампаваць і мужчыны — трэба ж падтрымліваць рэнаме моцнага полу!


А яшчэ ва ўсіх наведвальнікаў карыстаецца попытам басейн. Ён невялікі: даўжынёй 18 м і шырынёй 3,5 м, растлумачыў дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Юрый Мясаедаў, але цёплы, чысты і ўтульны. На двух дарожках адначасова могуць знаходзіцца да 8 чалавек. Стан вады пастаянна кантралюецца: пробы бяруцца кожныя 2 гадзіны.

За першы месяц працы прыбытак ад аднаразовых наведванняў і продажу абанементаў склаў парадку 3330 руб. Але магчымасці цэнтра дазваляюць зарабляць куды больш. Напрыклад, можна дабраць 6 чалавек у групы па аэробiцы — трэба толькі дакупіць некалькі стэпераў (так

называюцца спецыяльныя малагабарытныя трэнажоры). 

Не да канца выкарыстоўваецца патэнцыял трэнажорных залаў. Ды і басейн пакуль, адзначыў Юрый Мікалаевіч, загружаны нераўнамерна: запісацца на вечар даволі складана, затое днём прыходзяць толькі па два-тры чалавекі ў гадзіну. Змяніць сітуацыю плануюць, набраўшы пасля навагодніх святаў платныя дзіцячыя групы для навучання плаванню.

— У прысутнасці інструктара-метадыста і медсястры дзеці ва ўзросце да 14 гадоў будуць займацца разам з бацькамі, старэйшыя за 14 — змогуць хадзіць да нас самастойна, — сказаў дырэктар ФАК. — Акрамя гэтага, збіраемся стварыць бясплатную групу, куды ўвойдуць 8-10 дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў. Кандыдатуры будуць падбірацца па даных сацыяльнага педагога. Таксама выношваем ідэю ў якасці заахвочвання за поспехі сабраць бясплатную групу з гімназістаў, якія дабіваюцца высокіх вынікаў у вучобе і на ўсіх магчымых конкурсах.

Але калі «водныя працэдуры» для дзяцей яшчэ ў планах, то «сухапутныя» заняткі, якія не патрабуюць аплаты, ужо ідуць поўным ходам. Шумілінскія дзяўчынкі актыўна асвойваюць спартыўную аэробiку (у заходніх краінах дадзены напрамак больш вядомы як чырлідынг, дзе спалучаюцца элементы шоу, танца, гімнастыкі і акрабатыкі). А юнакі-старшакласнікі ходзяць у трэнажорную залу на атлетычную гімнастыку.

Клапоцячыся пра падрастаючае пакаленне, калектыў фізкультурна-аздараўленчага цэнтра не забывае і пра дарослых. Для іх збіраюцца дадаткова адкрыць масажны кабінет і арганізаваць заняткі лячэбнай фізкультурай. З кваліфікаванымі кадрамі праблем не будзе, жадаючыя працаваць ужо ёсць, паведаміў Юрый Мясаедаў, трэба толькі атрымаць адпаведную ліцэнзію.

— На ЛФК абавязкова павінна быць праграма «Здаровая спіна» для тых, у каго баліць хрыбетнік, — адзначыў Юрый Мікалаевіч. — Па сабе ведаю, наколькі эфектыўным аказваецца патрэбны комплекс практыкаванняў. Выконваючы яго, можна дапамагчы сабе без медыкаментаў.

Асобныя групы па ЛФК у перспектыве таксама могуць з'явіцца для людзей, якія пакутуюць сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, і для асоб пажылога ўзросту. А пакуль дырэктар цэнтра прапануе жыхарам Шуміліна і бліжэйшых населеных пунктаў

максимальна выкарыстоўваць наяўны патэнцыял спорткомплекса. Некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі ўжо выказалі жаданне заключыць дагаворы, каб іх супрацоўнікі маглі актыўна адпачываць у басейне ці трэнажорных залах: гэта і для здароўя карысна, і згуртаванасці калектыву спрыяе.

Лiлiя IЎЧАНКА, фота аўтара. «Віцебскія вясці».