Колькасць беспрацоўных у Беларусі на 1 сакавіка вырасла да 43,5 тыс. чалавек

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на 1 сакавіка бягучага года склала 43,5 тыс. чалавек. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце, гэта на 2,5% больш, чым год таму, і на 2,3% – у параўнанні з 1 лютага 2010 года. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў рэспубліцы на канец лютага гэтага года склаў 0,9% эканамічна актыўнага насельніцтва краіны (год таму гэты паказчык таксама роўны 0,9%). У Віцебскай і Гродзенскай абласцях беспрацоўе на 1 сакавіка 2010 года было на ўзроўні 1,2%, у Гомельскай і Брэсцкай абласцях – 1,1%, у Магілёўскай – 1%, у Мінскай вобласці – 0,9%. У сталіцы зарэгістраванае беспрацоўе традыцыйна ніжэйшае, чым у рэгіёнах краіны – яно складае 0,4% колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва Мінска. Па аператыўных даных Белстата, у студзені-лютым бягучага года на ўлік былі пастаўлены 46,2 тыс. грамадзян, якія звярнуліся за дапамогай у працаўладкаванні. З іх прызнаны беспрацоўнымі 37,4 тыс. чалавек (80,8% звярнуўшыхся). Дарэчы, сярод рэгіёнаў краіны больш за ўсё беспрацоўных у лютым было зарэгістравана ў Віцебскай вобласці (3,3 тыс. чалавек), менш за ўсё – у Мінску (1,7 тыс.). За студзень-люты ў краіне працаўладкаваны 24,5 тыс. чалавек, у тым ліку 20,1 тыс. беспрацоўных (81,9% усіх працаўладкаваных). Прычым у лютым у Віцебскай вобласці працоўнае месца пры садзейнічанні дзяржслужбы занятасці знайшлі 2 тыс. беспрацоўных, у Мінскай – 1,9 тыс., у Гомельскай – 1,8 тыс., у Брэсцкай і Магілёўскай – па 1,7 тыс., у Гродзенскай – 1,4 тыс., а менш за ўсё працаўладкаваных беспрацоўных было ў Мінску (0,6 тыс.). На грамадскія работы, арганізаваныя дзяржслужбай занятасці, у студзені-лютым бягучага года прыцягнуты 11,9 тыс. чалавек, у тым ліку 10 тыс. беспрацоўных (84,1% агульнай колькасці накіраваных на гэты від часовай занятасці). Сярэдні памер дапамогі на аднаго беспрацоўнага ў лютым склаў Br48,9 тыс., або 19% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з 1 лютага па 30 красавіка 2010 года гэты нарматыў устаноўлены ў памеры Br255 тыс. 220).-0-