Колькасць аб'ектаў бытавога абслугоўвання ў Віцебскай вобласці за 5 гадоў павялічылася амаль на 430 адзінак
24 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На Віцебшчыне колькасць аб'ектаў бытавога абслугоўвання насельніцтва за мінулыя пяць гадоў павялічылася амаль на 430 адзінак да 2,1 тыс. Аб гэтым паведаміла сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці Паліна Судзілоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За 2006-2010 гады ў рэгіёне вырасла колькасць атэлье па рамонце і пашыве швейных вырабаў, цырульняў, фотаатэлье, майстэрняў па рамонце і тэхабслугоўванні транспартных сродкаў, абутку. У цяперашні час паслугі насельніцтву аказваюць каля 6 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і 1,8 тыс. юрыдычных асоб, у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 57 індывідуальных прадпрымальнікаў і 594 юрыдычныя асобы. У сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва занята больш за 10 тыс. чалавек. Функцыянуе 284 комплексныя прыёмныя пункты (КПП).
У разліку на аднаго жыхара вобласці ў 2010 годзе бытавых паслуг аказана на Br191,2 тыс. Пры гэтым найбольшыя тэмпы росту аб'ёмаў аказаных бытавых паслуг забяспечылі Лёзненскі, Россонскі, Дубровенскі раёны і Наваполацк.
Дзеючая стацыянарная сетка бытавога абслугоўвання дазваляе аказаць паслугі або выканаць заказ на месцы 139,2 тыс. жыхароў вобласці, што складае 41,7% ад колькасці сельскага насельніцтва, частка вяскоўцаў - 194,6 тыс. чалавек - карыстаецца выязной формай абслугоўвання. Пры гэтым доля бытавых паслуг, аказаных сельскім жыхарам, у агульным аб'ёме аказаных паслуг за мінулы год склала 10,1% супраць 8,9% у 2006 годзе.
Інвестыцыі ў развіццё галіны бытавога абслугоўвання насельніцтва за 2006-2010 гады склалі Br31,4 млрд.
Аднак, нягледзячы на станоўчыя ў цэлым вынікі, у галіне маецца шэраг недахопаў, канстатавала Паліна Судзілоўская. Так, адзначаецца недастатковы ўзровень развіцця інфраструктуры ў раёнах новай забудовы, сельскай мясцовасці, адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў, уласных абаротных сродкаў. У сувязі з гэтым на разгляд старшыні Віцебскага аблвыканкама і членаў пасяджэння была прадстаўлена новая праграма развіцця галіны на 2011-2015 гады.
У ходзе абмеркавання дакумента старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец адзначыў шэраг яго слабых бакоў і даручыў дапрацаваць. "Многія з аб'ектаў, запланаваных у праграме да адкрыцця ў 2013-2014 гадах, патрэбныя насельніцтву зараз, а не праз некалькі гадоў. Акрамя таго, неабходна правесці сацыялагічнае апытанне, каб дакладна вызначыць паслугі, у якіх людзі маюць патрэбу", - сказаў губернатар.-0-