Колькасць плацельшчыкаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў Віцебскай вобласці амаль павялічылася ўтрая

19 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль 10 тыс. плацельшчыкаў Віцебскай вобласці пачалі прымяняць з 1 студзеня спрошчаную сістэму падаткаабкладання, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. У параўнанні з пачаткам 2009 года іх колькасць вырасла амаль у 3 разы. Зацікаўленасць плацельшчыкаў у пераходзе на спрошчаны парадак падатковай справаздачнасці пастаянна павышаецца дзякуючы ўдасканаленню парадку і ўмоў пераходу на такую сістэму. Так, калі на пачатак 2009 года спрошчаную сістэму прымянялі каля 3,8 тыс. плацельшчыкаў, то ўжо да снежня іх колькасць вырасла да больш чым 8 тыс., у тым ліку каля 4 тыс. юрыдычных асоб. Акрамя таго, указ №592 ад 7 снежня 2009 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2007 года №119" дадаткова спрыяў росту папулярнасці сярод суб'ектаў гаспадарання прынятых новаўвядзенняў. Плацельшчыкі дзякуючы падаўжэнню тэрміну падачы заяў аб пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання змаглі пачаць новы год з працы па новых правілах падатковай справаздачнасці. Выбар на карысць такой сістэмы зрабілі яшчэ каля 1,8 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку звыш 1,4 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. У 2009 годзе плацельшчыкі Віцебскай вобласці, якія прымянялі спрошчаную сістэму падаткаабкладання, выплацілі ў бюджэт Br98,3 млрд., што на 22% перавышае суму плацяжоў ад гэтай катэгорыі ў 2008 годзе. З агульнай сумы паступленняў на долю прадпрыемстваў і арганізацый прыпадае каля 85%.-0-