Колькасць плацельшчыкаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе падвоілася
18 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці колькасць плацельшчыкаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, павялічылася ў 2009 годзе больш чым у 2 разы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Паводле даных на 1 снежня 2009 года спрошчаную сістэму падаткаабкладання прымянялі больш за 8 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку амаль 4 тыс. юрыдычных асоб. Уступленне ў сілу ўказа №592 ад 7 снежня 2009 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2007 года №119" дасць магчымасць значна большай колькасці суб'ектаў гаспадарання скарыстацца гэтай сістэмай, адзначылі ў падатковым ведамстве. Найбольш істотным новаўвядзеннем з'яўляецца павелічэнне крытэрыю колькасці з 5 да 15 чалавек для пераходу на спрошчаную сістэму падаткаабкладання арганізацый, якія прымяняюць у якасці падатковай базы валавы даход. У мэтах стварэння ўмоў для павелічэння экспарту суб'ектамі малога прадпрымальніцтва, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, указам устаноўлена паніжаная стаўка падатку ў памеры 3% экспартнай выручкі.
Падаўжэнне тэрміну падачы заявы аб пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання да 31 снежня дае магчымасць суб'ектам гаспадарання ацаніць новаўвядзенні і прыняць рашэнне аб магчымасці яе прымянення. Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці пастаянна вядуць работу па папулярызацыі гэтай сістэмы падаткаабкладання, распрацаваны памяткі аб умовах пераходу і перавагах. Акрамя таго, на працягу года сярод плацельшчыкаў праводзіліся семінары і круглыя сталы.
Паводле даных за студзень-лістапад 2009 года, паступленні ў бюджэт ад суб'ектаў гаспадарання, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, склалі амаль Br91 млрд., у тым ліку каля Br76,5 млрд. выплачана юрыдычнымі асобамі.-0-