Колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення, у Віцебскай вобласці ў I квартале знізілася на 12,8%
29 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На Віцебшчыне зніжаецца колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення. Па выніках першага квартала зарэгістравана 869 такіх фактаў, што на 12,8% менш за адпаведны ўзровень мінулага года, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Ірына Таўтын.
Больш за палову злачынстваў у п'яным выглядзе ўчынена ў Шумілінскім (57,6%) і Міёрскім (52,5%) раёнах. Істотны рост злачынстваў у нецвярозым стане (з 30 да 44) адбыўся ў Лепельскім раёне (удзельная вага склала 45,8%); у Сенненскім - з 11 да 23 (адпаведна 38,3%), у Наваполацку - з 47 да 67 (36,4%).
Дзякуючы мерам па барацьбе з распаўсюджваннем алкагалізму сярод насельніцтва ўдалося дасягнуць не толькі зніжэння колькасці злачынстваў, учыненых у нецвярозым выглядзе, але і знізіць гібель ад атручвання алкаголем. Па выніках студзеня-лютага алкаголь стаў прычынай смерці 80 чалавек, што на дзясятак менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Разам з тым не ў поўнай меры выкарыстоўваецца такі рэсурс, як прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах або з'яўленне ў п'яным выглядзе, лічыць Ірына Таўтын. Да прыкладу, у Аршанскім раёне, дзе кожнае трэцяе злачынства ўчынена ў п'яным выглядзе, адбыўся рост смяротнасці ад атручвання алкаголем, да адказнасці па гэтых прычынах прыцягнута толькі 58 чалавек. У Бешанковіцкім, Верхнядзвінскім, Віцебскім і іншых раёнах вобласці за такія парушэнні прыцягнута ў 3 разы больш асоб.-0-