Колькасць тэрміналаў для безнаяўных плацяжоў у гандлі Віцебскай вобласці вырасла з пачатку года на 40,8%
11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Колькасць тэрміналаў для абслугоўвання банкаўскіх пластыкавых картак на аб'ектах гандлю і сэрвісу Віцебскай вобласці, паводле даных на 1 кастрычніка, узрасла на 40,8% у параўнанні з 1 студзеня 2010 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні Нацбанка па Віцебскай вобласці.
З пачатку года колькасць тэрміналаў, якія забяспечваюць безнаяўныя плацяжы, у арганізацыях гандлю і паслуг павялічылася з 2 663 да 3 749. У цэлым па вобласці колькасць тэрміналаў узрасла на 27,2% і дасягнула 5 305.
Пашырэнне інфраструктуры абслугоўвання пластыкавых картак спрыяла росту безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем картак. У агульным аб'ёме аперацый па картках на долю безнаяўных плацяжоў прыпадае 11,9%. Удзельная вага безнаяўных разлікаў з дапамогай картак у рознічным тавараабароце і ў аб'ёме платных паслуг павялічылася і, паводле даных на 1 ліпеня, склала 7,2% і 10,2% адпаведна.
Паводле даных ГУ Нацбанка па Віцебскай вобласці, у абарачэнні ў жыхароў рэгіёна знаходзіцца больш за 1 млн. банкаўскіх пластыкавых картак. Фактычна на тысячу жыхароў прыпадае 846 пластыкавых картак. Разам з павялічваннем колькасці пластыкавых картак, што знаходзяцца ў абарачэнні, расце інфраструктура. Калі на пачатку гэтага года на 10 тыс. жыхароў прыпадала 33 тэрміналы, то да кастрычніка іх стала 51, колькасць банкаматаў адпаведна ўзрасла на 12,5%, інфакіёскаў - на 17,6%.-0-