Колькасьць стратных прадпрыемстваў у Віцебскай вобласьці за студзень-сакавік скарацілася на чвэрць
30 красавіка, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Колькасць стратных прадпрыемстваў і арганізацый у Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку скарацілася на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Скарачэнне колькасці стратных адзначаецца па ўсіх катэгорыях юрыдычных асоб. Так, сярод сельгаспрадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржуласнасці колькасць стратных паменшылася ў 1,3 раза, сярод прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі - на 10%, сярод недзяржаўных прадпрыемстваў - на траціну. Колькасць суб'ектаў малога прадпрымальніцтва сярод стратных арганізацый скарацілася на 80%. Сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, страхавыя арганізацыі і замежныя юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў вобласці, спрацавалі без страт.
Па выніках дзейнасці ў першым квартале 921 суб'ект гаспадарання з'яўляецца стратным. Удзельная вага стратных арганізацый скарацілася амаль на 2,5 працэнтнага пункта да 5,7% ад агульнай колькасці, якія стаяць на падатковым уліку.
У 2010 годзе больш за 1,7 тыс. плацельшчыкаў вобласці (больш за 10% усіх юрыдычных асоб) перайшлі на квартальную (замест штомесячнай) выплату падатку на прыбытак.
Даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку бягучага года склалі Br795,2 млрд., у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт паступіла Br403,5 млрд., у мясцовы - Br391,7 млрд. У структуры даходаў на долю акцызаў прыпадае 34,8% агульнага аб'ёму паступленняў, ПДВ - 18,2%, падаходнага падатку - 13,1%, падатку на прыбытак - 8%.
Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымаюць удзел звыш 455 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку больш за 16 тыс. юрыдычных асоб, амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама каля 410 тыс. фізічных асоб.-0-