Колькасць удзельнікаў выставы-кірмашу «Малы бізнес у фестывальным Віцебску» павялічылася ўдвая

8 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Экспазіцыя X Рэспубліканскай выстаўкі-кірмашу "Малы бізнес у фестывальным Віцебску" сфарміравана з удзелам каля 60 прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў Беларусі. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цвяткоў на адкрыцці выставачнага праекта, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёлета колькасць удзельнікаў выстаўкі амаль падвоілася ў параўнанні з 2009 годам, што сведчыць аб узрастаючай папулярнасці праекта. Арганізатары маюць магчымасць прадставіць найлепшых айчынных вытворцаў сегмента малога і сярэдняга бізнесу. Выставачны пляц разгорнуты ў эпіцэнтры правядзення "Славянскага базару", што дазваляе ўдзельнікам прадэманстраваць сваю прадукцыю і дасягненні шырокаму колу патэнцыйных пакупнікоў, сярод якіх нямала і гасцей фестывальнага горада. Тэматыка выстаўкі захавала традыцыйную накіраванасць. У экспазіцыі прадстаўлены тавары народнага спажывання, у тым ліку тэкстыльныя і трыкатажныя вырабы, тавары для дома і інтэр'ера, посуд, крышталь, касавыя вырабы, сувеніры, касметыка. Мяркуючы па прадукцыі, якая дэманструецца, удзельнікі праекта нацэлены на заваяванне даверу жаночай аўдыторыі. У дзелавой праграме выстаўкі прадугледжана правядзенне бізнес-сустрэч, круглых сталоў, прысвечаных пытанням развіцця малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку падтрымцы сельскага прадпрымальніцтва. Выстаўка заклікана спрыяць развіццю канкурэнтнага асяроддзя, стымуляваць развіццё кааперацыі айчынных і замежных прадпрыемстваў малога бізнесу, а таксама стварэнне ўмоў для выхаду айчынных вытворцаў на рынкі блізкага і далёкага замежжа. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі, Віцебскі аблвыканкам і камунальнае кансалтынгавае унітарнае прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу".-0-