Колькасць уладальнікаў сельскіх сядзіб у Беларусі ў 2009 годзе вырасла ў 1,9 раза

10 лютага, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Колькасць суб'ектаў аграэкатурызму ў Беларусі ў 2009 годзе вырасла ў 1,9 раза ў параўнанні з папярэднім. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела маркетынгу і якасці турыстычных паслуг дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Юлія Копаць. Па стане на 1 студзеня 2010 года ў Беларусі налічваецца 884 суб'екты аграэкатурызму. Усе яны прайшлі рэгістрацыю і пры наяўнасці абсталяванай сядзібы могуць прымаць турыстаў. Найбольш уладальнікаў сельскіх сядзіб у Віцебскай вобласці - 222 суб'екты, няшмат адстае ад яе Мінская (214 суб'ектаў), на трэцім месцы знаходзіцца Гродзенская (181 суб'ект). У Брэсцкай вобласці выказалі жаданне і атрымалі магчымасць займацца агратурыстычнай дзейнасцю 124 суб'екты. У Магілёўскай вобласці налічваецца 75 суб'ектаў аграэкатурызму, у Гомельскай вобласці - 68 суб'ектаў. У гэтых абласцях сельскі турызм толькі пачынае развівацца, таму колькасць сядзіб у кожнай з абласцей больш чым у 3 разы меншая, чым у Віцебскай вобласці. Нягледзячы на тое, што колькасць уладальнікаў сельскіх сядзіб набліжаецца да адзнакі - 1 тыс., толькі каля паловы зарэгістраваных суб'ектаў аграэкатурызму актыўна займаюцца прыёмам турыстаў. Справа ў тым, што частка сядзіб знаходзіцца на рэканструкцыі, а многія дамы непрыдатныя для таго, каб падарожнікі маглі знаходзіцца ў іх у зімовы перыяд.-0-