Колькасць заключаных шлюбных кантрактаў у Віцебскай вобласці вырасла ў 1,7 раза
14 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Колькасць заключаных шлюбных кантрактаў у Віцебскай вобласці ў 2010 годзе ўзрасла ў параўнанні з 2009 годам у 1,7 раза. Натарыусамі вобласці летась засведчана 338 шлюбных дагавораў супраць 194 у 2009 годзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Марына Быкава.
Магчымасць падпісання шлюбнага дагавора ў беларусаў з'явілася ў 1999 годзе з прыняццем Кодэкса аб шлюбе і сям'і, артыкул 13 якога гаворыць: "У мэтах умацавання шлюбу і сям'і, павышэння культуры сямейных адносін, усведамлення правоў і абавязкаў сужэнцаў, адказнасці за дзяцей і адзін за аднаго асобы, якія ўступаюць у шлюб, і сужэнцы могуць заключыць шлюбны дагавор". Статыстыка аб заключэнні кантрактаў вядзецца з 2009 года.
Акрамя шлюбных кантрактаў у рэгіёне вырасла колькасць пагадненняў аб выплаце аліментаў. Калі ў 2009 годзе дзяржаўныя і прыватныя натарыусы засведчылі 7 пагадненняў, то ў 2010 годзе - ужо 25.
На думку Марыны Быкавай, павелічэнне колькасці дагавораў і пагадненняў сведчыць аб росце юрыдычнай дасведчанасці грамадзян і з'яўляецца паказчыкам прававой культуры грамадства.
Усяго ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі зроблена больш за 103 тыс. натарыяльных дзеянняў, прыватнымі натарыусамі - звыш 17 тыс. Дзяржаўныя натарыусы сталі больш засведчваць дагаворы адчужэння зямельных участкаў, даверанасці, выкананыя выканаўчыя надпісы, выдадзеныя пасведчанні аб праве на спадчыну, пасведчанні аб праве ўласнасці на долю ў агульным маёнтку сужэнцаў. У прыватных натарыусаў павялічылася колькасць засведчаных дагавораў адчужэння капітальных будынкаў з зямельным участкам, дагавораў аб залозе.
Паводле даных на 1 студзеня 2011 года, у вобласці штатная колькасць дзяржаўных натарыусаў складае 93 чалавекі, працуюць таксама 6 прыватных натарыусаў. Абслугоўванне насельніцтва вядуць 32 дзяржаўныя натарыяльныя канторы.-0-