Колькасць жадаючых атрымаць другую спецыяльнасць у Віцебскім тэхналагічным універсітэце вырасла ў 10 разоў

28 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Колькасць жадаючых атрымаць другую спецыяльнасць і прайсці перападрыхтоўку ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце вырасла ў 10 разоў за апошнія чатыры гады, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў універсітэта, кандыдат эканамічных навук Ірына Семянчукова. Сёння перападрыхтоўку ў ВНУ на ўзроўні вышэйшай адукацыі праходзяць больш за 400 слухачоў па сямі спецыяльнасцях, тады як у 2005 годзе выпускнікамі факультэта перападрыхтоўкі былі толькі 42 чалавекі па трох спецыяльнасцях. Пры гэтым колькасць жадаючых павысіць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы значна перавышае магчымасці ўніверсітэта па перападрыхтоўцы. Найбольшай папулярнасцю ў патэнцыйных слухачоў карыстаюцца спецыяльнасці "фінансавы менеджмент у прамысловасці", "банкаўская справа" і "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм". Сярод слухачоў перападрыхтоўкі, акрамя грамадзян з вышэйшай адукацыяй, можна таксама адзначыць і студэнтаў усіх чатырох ВНУ Віцебска, якія імкнуцца паралельна атрымаць другую спецыяльнасць і тым самым значна пашырыць гарызонт магчымасцей будучага працаўладкавання. Развіццё мабільнасці рынку працы і павышэнне патрабаванняў да кваліфікацыі сучаснага работніка фарміруе ўстойлівы попыт на дадатковую адукацыю і патрабуе пастаяннага абнаўлення пераліку спецыяльнасцей перападрыхтоўкі, адзначыла Ірына Семянчукова. Чатыры новыя спецыяльнасці перападрыхтоўкі былі адкрыты на факультэце ў 2009-2010 навучальным годзе і набраны першыя групы слухачоў. Так, пры падтрымцы ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама ўніверсітэт увёў курс перападрыхтоўкі па спецыяльнасці "эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў ЖКГ", першымі слухачамі на якіх сталі 60 чалавек з усіх раёнаў вобласці. Вучэбным планам прадугледжана вывучэнне 23 дысцыплін эканамічнай і тэхнічнай накіраванасці. Па прапанове Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў ВНУ пачата перападрыхтоўка па спецыяльнасці "экспертыза тавараў народнага спажывання". Таксама ўпершыню набраны групы па спецыяльнасцях "бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці" і "графічны дызайн". Універсітэт імкнецца аператыўна рэагаваць на каньюнктуру рынку працы, у тым ліку за кошт арганізацыі кароткатэрміновых курсаў павышэння кваліфікацыі. Штогод пералік напрамкаў, па якіх універсітэт прапануе прайсці павышэнне кваліфікацыі, абнаўляюцца на 70%. У 2010 годзе ВДТУ ўпершыню арганізуе курсы па арганізацыі і кіраванні сумеснымі домаўладаннямі, 1С-бухгалтэрыі, камп'ютарнай графіцы, а таксама сістэме менеджменту якасці ў установах адукацыі. Пастаяннае асваенне новых напрамкаў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі дазваляе ўніверсітэту аператыўна задавальняць патрэбы віцебскага рэгіёна ў кваліфікаваных спецыялістах, лічыць Ірына Семянчукова.-0-