Чальцы АДКБ дамаўляюцца аб выкарыстанні КСОР для прадухілення дзяржпераваротаў

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены АДКБ дамаўляюцца аб выкарыстанні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання для прадухілення дзяржаўных пераваротаў. Пра гэта ішла размова сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падчас беларускага старшынства ў АДКБ адбываюцца значныя падзеі, якія абавязкова прывядуць да добрых пераменаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падчас нядаўняй сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы першым блокам абмяркоўваемых пытанняў была перспектыва развіцця АДКБ. "Мы шчыра выказалі свае пазіцыі па самых актуальных пытаннях нефармальнага саміту ў Астане. Калі мы рэалізуем усё, пра што ішла размова, асабліва ў плане прымянення сіл калектыўнага рэагавання, гэта будзе несумненны прагрэс", - адзначыў беларускі лідар.

Па яго словах, гаворка ідзе не толькі аб прымяненні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання на выпадак умяшання звонку іншых дзяржаў, але і ўмяшання іншых дзяржаў унутр краін АДКБ.

"Мы сур'ёзна абмеркавалі гэту праблему, і гэта будзе значная падтрымка краінам, якія ўваходзяць у АДКБ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў: "Фронтам, вайной ніхто сёння на нас не пойдзе, а вось канстытуцыйны пераварот здзейсніць рукі чухаюцца ў многіх".

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: "Мы павінны абараніць цэласнасць і незалежнасць краін АДКБ".

"Што тычыцца пытання ўзбраення для КСАР, то Мядзведзеў падтрымаў беларускі бок у тым, што трэба тэрмінова даўзбройваць, даўкамплектаваць гэтыя сілы, калі мы хочам мець гэту цэласную арганізацыю", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што падчас яго сочынскай сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым абмяркоўвалася і сяброўства краін у АДКБ у сувязі з пазіцыяй Узбекістана. "Дамаўляліся, што мы будзем дзейнічаць кансалідавана, у адзіным ключы з Расіяй, каб захаваць арганізацыю. Калі нехта не хоча выконваць статутныя функцыі арганізацыі, то трэба пакінуць яе і не замінаць іншым", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я цалкам салідарны з расійскім бокам, у нас адзінства па ўсіх пытаннях", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў, што па выніках саміту ў Астане трэба фармалізаваць усе пытанні і накіраваць для рэалізацыі ў іншыя дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што ў яго размове з Дзмітрыем Мядзведзевым былі закрануты і некаторыя іншыя пытанні, якія прагучалі на нефармальным саміце.-0-