Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Беларусі наведаў Глыбоцкі раён

Глыбоцкі раён наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Беларусі Віктар Сарочан.

На сустрэчы са старшынёй райвыканкама Алегам Мархатам, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Галінай Унуковіч, кіраўнікамі прадпрыемстваў горада Віктар Сарочан адзначыў неабходнасць умацавання ўзаемавыгадных адносін паміж рэгіёнамі Беларусі і Малдовы, культурных сувязей, павышэння турыстычнага патоку. Магчыма, у хуткім часе ў Глыбокага з'явіцца малдоўскі горад-пабрацім.

– Нашы краіны шмат у чым падобныя, таму так важна наладзіць больш цесныя масты дружбы, – падкрэсліў Віктар Сарочан. – За чатыры месяцы, будучы кіраўніком дыпламатычнай місіі Малдовы, я пабываў у абласных цэнтрах Беларусі, дзясятках гарадоў. У апошнія гады таваразварот паміж краінамі скараціўся, адна з прычын – недастатковасць інфармацыі адзін пра аднаго. Рэалізацыя сумесNых праектаў, абмен вопытам у вырашэнні важных пытанняў, у тым ліку якія тычацца вытворчасці, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, дадуць станоўчы эфект. Адзін з перспектыўных напрамкаў – стварэнне вытворчасцяў, арыентаваных на экспарт.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Мархат адзначыў спецыфічнасць аграрнага раёна, які мае перапрацоўчыя прадпрыемствы, якасная прадукцыя якіх карыстаецца высокім попытам на ўнутраным і знешнім рынках. Напрыклад, шырокі асартымент прапануе ААТ «Глыбоцкі МКК». Доля экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці перавышае 60%.

Віктар Сарочан наведаў прадпрыемства, пабываў у цэху, дзе вырабляюцца малочныя кансервы. Сучаснае абсталяванне гарантуе якасць выпускаемай прадукцыі. Увагу госця прыцягнула маляўнічая і зручная ўпакоўка салодкага ласунку.

– Больш за шэсць гадоў супрацоўнічаем з адной з кандытарскіх кампаній Малдовы, – кажа генеральны дырэктар
малочнакансервавага камбіната Валерый Дулінскі
. – Магчымасць паставак у раздробную сетку таксама зацікавіла. Замежнаму пакупніку гатовы прапанаваць стэрылізаванае, згушчонае малако, у тым ліку з рознымі відамі напаўняльнікаў, лінейку цвёрдых сыроў 45 – 55% тлустасці са тэрмінамі выспявання ад 20 дзён да 3 месяцаў і іншыя малочныя прадукты.

Валерый Браніслававіч распавёў Віктару Сарочану пра маштабны інвестыцыйны праект па будаўніцтве і мадэрнізацыі цэха па вытворчасці сухой сыроваткі і сухіх малочных прадуктаў. Гэта дазволіць вырабляць на адной тэхналагічнай лініі сухую дэмінералізаваную сыроватку (да 90%) і сухое хуткарастваральнае лецытынізаванае малако, што павялічыць экспартны патэнцыял прадпрыемства.

Спадабалася паслу і гатовая прадукцыя ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат», у прыватнасці, сыравяленая, якой на рынку ў яго краіне не хапае. У дзень работнікі камбіната вырабляюць звыш 20 т каўбасных вырабаў, 3 – 5 т паўфабрыкатаў, парадку 86 т мяса на косці.

Віктар Сарочан паабяцаў вывучыць прайс-ліст, прадастаўлены кіраўніцтвам прадпрыемства, і дапамагчы ў наладжванні супрацоўніцтва з малдаўскімі калегамі.

У бліжэйшы час глыбчане плануюць у цэхах старога кансервавага завода зноў запусціць вытворчасць сокаў, кансерваванага зялёнага гарошку. Гэтыя напрамкі таксама цікавыя для малдаван, як і арганізацыя супольных вытворчасцей па вінаробстве.

У гэты ж дзень Віктар Сарочан наведаў дзяржаўнае прадпрыемства «Падсвільскі вінзавод» і санаторна-курортны комплекс «Пліса», які з'яўляецца выдатным прыкладам пісьменнага спалучэння унікальнай прыроды і сучасных тэхналогій аздараўлення і лячэння, у тым ліку з выкарыстаннем мінеральнай вады, сапрапелевай арганічнай гразі. Падобныя аб'екты прыцягваюць увагу замежных турыстаў.

"Віцебскія весці"