Што яднае цэнтральную магістраль Наваполацка з мінскім праспектам Незалежнасці?
Гісторыя Наваполацка пачалася ў 1958 годзе з будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода і стварэння рабочага пасёлка, тэрытарыяльна які адносіўся да Полацка. Паселішча першабудаўнікаў паступова развівалася, абрастала інтэрнатамі, новымі будынкамі і паштовымі адрасамі.
Вуліцу, якая ідзе з захаду на ўсход паралельна рацэ Заходняя Дзвіна, назвалі Зялёная, а 31 сакавіка 1960 года перайменавалі ў Маладзёжную, што сімвалічна. Шмат што ў ім створана рукамі маладых людзей, якія з'ехаліся з розных куткоў СССР на Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю для ўзвядзення горадаўтваральнага прадпрыемства – першынца беларускай нафтахіміі.
Статус горада і сучасную назву Наваполацк атрымаў у 1963 годзе.
На Маладзёжнай з'явіліся першыя ў горадзе крама, дзіцячыя яслі, школа, кінатэатр, «вежы»-шматпавярхоўкі, плошча, адміністрацыйны цэнтр. Гэта вуліца стала горадабудаўнічым стрыжнем, на які нанізваліся мікрараёны.
За Маладзёжнай замацавалася характарыстыка – «Вуліца без канца». Пад такой назвай у 1972 годзе зняў мастацкі фільм савецкі кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў.
У аснове сюжэта – подзвіг першабудаўніка, жыццё юнага горада і яго жыхароў, гісторыя пра сяброўства і сапраўдныя пачуцці. Натурныя здымкі праходзілі ў Наваполацку, адна з масавых сцэн знята на вул. Маладзёжнай з удзелам жыхароў. Тыя, хто знаёмы з нафтагарадам, без працы пазнаюць у фільме будынкі былога Палаца нафтавікоў (цяпер гэта Палац культуры ААТ «Нафтан»), плошчу Будаўнікоў, будынак гасцініцы «Беларусь».
Маладзёжная праектавалася і забудоўвалася ў некалькі этапаў. На працягу дзесяцігоддзяў яна цягнулася да суседняга Полацка.
Адлегласць ад яе пачатку да ўмоўнага «фінішу» ў раёне аўтастанцыі «Падкастэльцы» – парадку 15 км.
Як і асноўная магістраль сталіцы нашай краіны, праспект Незалежнасці, вул. Маладзёжная Наваполацка ўваходзіць у топ самых доўгіх вуліц Беларусі.
Міф пра тры «эскі»
У першых варыянтах генплана Маладзёжная пазначалася літарай «С», а ў 80-я ўздоўж яе выраслі С-падобныя жылыя комплексы. Тры побач размешчаныя «эскі» зверху нагадваюць вядомую абрэвіятуру – СССР.
Відаць, пабудаваць дамы ў выглядзе літары «Р», якой не хапала, перашкодзіў распад Савецкага Саюза, вырашылі мясцовыя жыхары. Так нарадзіўся міф пра мікрараён №7.
– Версія напрошваецца сама сабой, але гэта ўсяго толькі фальклор, – усміхаючыся, тлумачыць Макс Шлеймовіч, галоўны архітэктар Наваполацка ў 1970 – 1981 гадах. Ён адзін з лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне архітэктуры за планіроўку і забудову Наваполацка.
– Спачатку прапаноўвалася пабудаваць у 7-м мікрараёне групу дамоў у выглядзе прамавугольніка, але давялося падладжвацца пад канфігурацыю пагорка, у выніку знайшлі аптымальны варыянт. Ствараць абрэвіятуру з дамоў не планавалі, – рэзюмаваў дацэнт кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ганаровы грамадзянін Наваполацка.
Мазаіка творчасці
Цікавая Маладзёжная і ў плане дэкаратыўна-мастацкага афармлення. Узяць хоць бы мазаічны роспіс фасадаў будынкаў, панэляў ля ўваходу ў пад'езды. Колькі працы і фантазіі ўклалі ў гэтую справу мастакі, майстры мастацкіх майстэрняў, каб стварыць унікальныя пано, якія сталі адметнай рысай горада. Адзін з аўтараў гэтых работ – член Беларускага саюза мастакоў, ганаровы грамадзянін Наваполацка Віктар Лук'янаў. Ён доўгі час быў галоўным мастаком горада і нямала зрабіў для таго, каб у нафтаграда быў свой непаўторны шарм і магнетызм. Кожны яго куток па-свойму дарагі Віктару Міхайлавічу.
Натхненне ў гарадскім пейзажы малой радзімы чэрпаюць і юныя мастакі. Да 60-годдзя вуліцы Маладзёжнай Музей гісторыі і культуры Наваполацка прымеркаваў конкурс малюнка «Вуліца маладосці» сярод дзяцей да 15 гадоў.
У ім узялі ўдзел 45 работ навучэнцаў устаноў адукацыі, а таксама выхаванцаў Палаца дзяцей і моладзі, паведаміў дырэктар музея Уладзімір Беляеў. Дыпламантамі I, II і III ступеняў адпаведна сталі Анастасія Сіндрэвіч («Паездка па знаёмай вуліцы», Дзіцячая мастацкая школа ім. І. Хруцкага), Валерыя Пугачова («Бастылія», ДМШ ім. І. Хруцкага) і Кацярына Бугай («Гарадскія агні», СШ №7). Па выніках інтэрнэт-галасавання і апытання наведвальнікаў выставачнай залы прыз гледачовых сімпатый заваявала работа Дар'і Крывач («Першая палатка», ДМШ ім. І. Хруцкага). Акрамя таго, дзевяць малюнкаў адзначаны ў намінацыях за арыгінальны вобраз, творчы падыход і смеласць кампазіцыйнага рашэння. Лепшыя з іх плануецца ўключыць у набор паштовак з выявай вуліцы Маладзёжнай.