Што звязвае Шагала і румынскага скульптара Брынкуша? Раскажа выстава архіўных матэрыялаў у Віцебску

Что связывает Шагала и румынского скульптора Брынкуша? Расскажет выставка архивных материалов в Витебске
У Арт-цэнтры Марка Шагала адкрылася выстава архіўнай і дакументальнай фатаграфіі «Брынкуш і Шагал. Вольныя быць сабой», якая злучыла двух вялікіх мастакоў XX стагоддзя.

Як патлумачыла дырэктар музея Марка Шагала Ірына Варонава, невядома, ці былі знаёмыя мастак з Беларусі і скульптар з Румыніі. Яны маглі сустракацца ў Парыжы, дзе жылі ў адзін час, у Амерыцы, куды вымушаны былі з'ехаць, калі Францыю акупавалі фашысты. Такімі фактамі не валодаюць даследчыкі жыцця і творчасці Марка Шагала і Канстанціна Брынкуша, але гэтыя імёны многае звязвае, перш за ўсё – уклад у авангарднае мастацтва XX стагоддзя.

 У двух творцаў падобныя біяграфіі, абодва з правінцыі паехалі за прызнаннем у Парыж, абодва былі ўхожы ў кола вядомых прадстаўнікоў французскай мастацкай школы, пражылі доўгае творчае жыццё і сталі знакавымі фігурамі ў сябе на радзіме.

– Канстанціна Брынкуша, вучня позніх гадоў Агюста Радэна, называюць патрыярхам сучаснай скульптуры і адным з заснавальнікаў абстрактнага стылю. Карані яго творчасці – у традыцыях, міфах і сімволіцы румынскага народнага мастацтва, што робіць яго неадрыўнай часткай нашага нацыянальнага здабытку. Адзіны манументальны комплекс, які лічыцца цэнтральным творам Брынкуша, знаходзіцца ў румынскім горадзе Тырга-Жыу. Ансамбль «Шлях герояў» узведзены ў 1937 — 1938 гадах у памяць аб загінулых у гады Першай сусветнай вайны. Ён уключае «Бясконцую калону», «Стол маўчання», «Алею крэслаў» і «Брама пацалунку». У цяперашні час комплекс з'яўляецца кандыдатам на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, – адзначыў на адкрыцці выставы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віёрэл Машану (на фота справа).

У экспазіцыі прадстаўлена ўнікальная калекцыя архіўных фотаматэрыялаў, якія ілюструюць этапы ўзвядзення «Бясконцай калоны» ў Тыpгу-Жыу. Фотаздымкі былі выкананы Штэфaнам Джэорджэску-Гаржанам – румынскім інжынерам, які каардынаваў работы па ўзвядзенні ансамбля. Выстаўку дапаўняе дакументальны фільм з рэдкімі кадрамі кінахронікі 1923 – 1939 гадоў, што захавалі Канстанціна Брынкуша за працай, у майстэрні, з сябрамі, падчас узвядзення ансамбля «Шлях герояў».

Наведвальнікі таксама змогуць убачыць дакументальныя фотаздымкі пра румынска-беларускую выставу «Амаж Брынкушу», якая экспанавалася ў Музеі гісторыі горада Мінска летась. Іх аўтар – вядомы беларускі фотамастак і паэт Яўген Песяцкі.

На вернісажы прагучалі творы кампазітара Эрыка Саці – блізкага сябра Канстанціна Брынкуша, у выкананні саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Арцёма Шаплыкі.

Выстава прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала і 60-годдзю з дня смерці Канстанціна Брынкуша. Яшчэ пра адну знакавую дату нагадаў на адкрыцці экспазіцыі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў – 25-годдзе з пачатку ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Румыніяй.

Выстава будзе экспанавацца да 8 кастрычніка.

Таццяна Пастэрнак. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".