Што хвалюе палачан, або Як працуе грамадская прыёмная ў Полацку?

Жыхары Полацкага раёна могуць падзяліцца сваімі ідэямі адносна актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага, палітычнага развіцця краіны і яе канстытуцыйнага рэфармавання, а таксама агучыць прапановы па ўдасканаленні жыццядзейнасці рэгіёна, звярнуўшыся ў грамадскую прыёмную.

З 12 лістапада два разы на тыдзень, па аўторках і чацвяргах, у грамадскай прыёмнай дзяжураць, размаўляючы з неабыякавымі жыхарамі Полаччыны, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса раёна, грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў.

Грамадская прыёмная адкрыта на базе Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Свае прапановы грамадзяне могуць пакінуць і патэлефанаваўшы па тэлефоне падчас дзяжурства.

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Ірына Дзёмінава, звароты паступаюць розныя. Напрыклад, жыхары аднаго з мікрараёнаў, убачыўшы, што па графіку ў грамадскай прыёмнай будзе дзяжурыць іх дэпутат, прыйшлі абмеркаваць з ім дэталі планаванай жылой забудовы, а менавіта – прапанавалі ўключыць у план існуючы сквер з 200 бяроз, каб яго захаваць. Зварот накіраваны ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Такім чынам, пытанні лакальнага характару разглядаюцца на мясцовым узроўні, а глабальныя, якія маюць значэнне для краіны ў цэлым, – накіроўваюцца ў галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Як, напрыклад, зварот аб унясенні змены ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь, які прадугледжваў бы змяншэнне сацыяльнага адпачынку па доглядзе за дзіцем да 2-х гадоў.

— Як паказвае практыка, грамадскія прыёмныя — гэта дзейсная форма работы з насельніцтвам, эфектыўны спосаб узаемадзеяння грамадзян з органамі ўлады, — упэўнена Ірына Дзёмінава. — Людзі могуць разлічваць на тое, што іх прапановы, ініцыятывы будуць пачутыя, а ў вырашэнні праблемных пытанняў ім акажуць дапамогу. На сайце Полацкага райвыканкама створаны раздзел «Грамадская прыёмная», у якім размяшчаюцца графік работы і інфармацыя аб праведзеных прыёмах.

"Віцебскія весці".