Будаўніцтва футбольнага манежа пачнецца гэтым летам у Віцебску
Праз 2-3 месяцы плануецца пачаць будаўніцтва крытага футбольнага манежа на базе ЦСК ФК «Віцебск», пра гэта карэспандэнту vitbichi.by паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін падчас традыцыйнай сустрэчы з камандай перад пачаткам чэмпіянату Беларусі па футболе.
-- Тыдзень таму інстытут Віцебскграмадзянпраект завяршыў распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і адправіў яе на пазаведамасную экспертызу, якая працягнецца каля месяца, -- падкрэсліў Віктар Мікалайкін. -- Затым правядзем тэндар на мантажныя работы, і арыенціровачна праз 2-3 месяцы пачнем узвядзенне крытага футбольнага манежа. Пры гэтым Беларуская федэрацыя футбола паставіць каркас і поле, а падвядзенне сетак і падрыхтоўку асновы будзем ажыццяўляць сваімі сродкамі.
Футбольны манеж неабходны ФК «Віцебск». Цяпер каманда вымушана праводзіць зімовыя вучэбна-трэніровачныя зборы ў Турцыі, а часам – арандаваць манеж у Гродне. Акрамя таго, у манежы змогуць трэніравацца таксама дзіцяча-юнацкія каманды Віцебска.