Дар'я, Анастасія, Максім і Мікіта – самыя папулярныя імёны нованароджаных у Віцебску

20 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэйтынг самых папулярных імёнаў народжаных у 2009 годзе дзяцей склалі ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ЗАГС Віцебскага гарвыканкама. Несумненным лідарам сярод жаночых імёнаў стала Дар'я. Больш за 60 бацькоў выбралі менавіта яго для сваіх нованароджаных дачок. У лік самых папулярных трапілі таксама Анастасія, Паліна, Марыя і Елізавета. У пяцёрцы самых "гарачых" мужчынскіх імёнаў апынуліся Максім, Мікіта, Іван, Арцём і Кірыл. Між тым спісы самых рэдкіх імёнаў аказаліся больш шырокімі. Так, толькі па адной дзяўчынцы атрымалі ў 2009 годзе імёны Лаліта, Міраслава, Злата, Лія, Любоў, Марта, Лідзія, Амелія, Арыядна, Стэфанія, Эльза, Мая, Лана, Мар'яна, Серафіма, Людміла, Аляўціна, Аліка, Анеліна, Дзінара, Нэлі, Віталіна, Фаціма, Бажэна, Аніта, Аксана, Ліяна, Галіна. Адзінымі ў сваім родзе сталі таксама хлопчыкі, якія атрымалі імёны Марсэль, Макс, Эдуард, Эрык, Арсен, Захарый, Астап, Клім, Улас, Алесь, Ян, Уладлен, Гардзей, Прохар, Дзіянісій, Севасцьян, Макар, Дамір, Расціслаў, Валянцін, Веніямін, Ярамір, Эльдар, Валерый, Рустам, Акім, Марк, Кліменцій і Аркадзь. Не знаходзіць асаблівага водгуку ў душы беларусаў папулярная на захадзе традыцыя называць дзяцей падвойнымі імёнамі. Толькі чацвёра юных віцябчан атрымалі такія імёны ў 2009 годзе: Арына Дзіяна, Арсеній Алесь, Абдул Хамід, Міхаэль Джозеф. Пры гэтым двое апошніх малых з'явіліся на свет у інтэрнацыянальных шлюбах. "Гэтая тэндэнцыя звязана таксама з невысокай дасведчанасцю грамадзян аб магчымасці называць дзіця падвойным імем і сітуацыяй, калі бацькі не могуць дамовіцца, як назваць сваё дзіця", - лічаць у ЗАГС. Сярод станоўчых тэндэнцый мінулага года варта адзначыць павышэнне нараджальнасці ў сем'ях, якія ўжо маюць дзяцей, дадалі спецыялісты. Так, кожны 19-ы нованароджаны віцяблянін стаў у сваіх бацькоў трэцім і больш дзіцем. Такой прыемнай статыстыкай могуць пахваліцца больш за 90 сем'яў абласнога цэнтра. Усяго за студзень-лістапад 2009 года ў Віцебскай вобласці нарадзілася 11560 дзяцей, або 102,9% да аналагічнага перыяду мінулага года. У абласным цэнтры за адзінаццаць месяцаў з'явілася на свет 3558 дзетак (102,6%). Найбольш высокая нараджальнасць адзначана ў Лёзненскім, Верхнядзвінскім і Шумілінскім раёнах, паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.-0-