«Дажынкі» ў Гарадку пройдуць 19-20 верасня
Віцебскі аблвыканкам зацвердзіў тэрміны правядзення рэгіянальнага свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2014" і праект яго асноўных мерапрыемстваў. Адбудуцца яны 19-20 верасня ў Гарадку.
Як паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Галіна Баркевіч, пачнуцца "Дажынкі" са святочнага шэсця працаўнікоў вёскі. Затым на плошчы Леніна героям хлебнай нівы ўручаць узнагароды. Павіншаваць хлебаробаў збяруцца вядомыя артысты. Пасля іх выступлення вечаровае неба над Гарадком упрыгожыць феерверк.
Два дні свята запомняцца яго ўдзельнікам і гасцям рознымі мерапрыемствамі. Сярод іх выстаўкі сельгаспрадукцыі, рамеснікаў, цырымонія адкрыцця скульптурнай кампазіцыі па матывах паэмы "Тарас на Парнасе", спартыўныя спаборніцтвы і розныя дэгустацыі.
Сярод новых праектаў - прэзентацыя брэндаў раёнаў і гарадоў вобласці: "Журавы і журавіны" - з Мёршчыны, "Малочныя рэкі" - з Верхнядзвінскага краю, "Сунічнае падвор'е" - з Лёзненшчыны. Удзельнікаў і гасцей чакаюць і іншыя цікавыя мерапрыемствы.
Як ідуць справы з падрыхтоўкай да "Дажынак" аб'ектаў? Пра гэта мы спыталі намесніка старшыні Гарадоцкага райвыканкама Фёдара Бастова:
- Калі яшчэ месяц таму Гарадок нагадваў суцэльную будаўнічую пляцоўку, то сёння вымалёўваюцца абрысы адрэстаўраваных, пабудаваных і адноўленых аб'ектаў.
Пераўтварылася плошча Леніна з абноўленым кінатэатрам "Радзіма". Упор галоўным чынам сёння робім на сацыяльныя аб'екты - дзве сярэднія школы, тры дзіцячыя садкі, аўтавакзал, гасцініцу "Раўбічы", фізкультурна-аздараўленчы комплекс, школу мастацтваў, воданапорную вежу.
Ужо 1 верасня многія з пералічаных аб'ектаў будуць здадзены ў эксплуатацыю. Не забываем пра капрамонт жылога фонду – такіх 45 дамоў і яшчэ на 36 дамах ажыццявім бягучы рамонт.
Агулам да "Дажынак" трэба будзе здаць каля 200 аб'ектаў. Сёння на многіх з іх працуюць у дзве змены каля 2 тысяч чалавек са ста арганізацый раёна і вобласці. 70-80 працэнтаў усіх работ ужо выканана. Для гэтага задзейнічаны практычна ўсе будаўнічыя арганізацыі вобласці, камунальнікі, азеляняльнікі і іншыя спецыялісты.
Алена Башун, "Віцьбічы"