Дзед Мароз-міліцыянер сёння патрулюе дарогі Віцебска
31 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзед Мароз-міліцыянер патрулюе сёння дарогі Віцебска, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна.
Па традыцыі галоўны назіральны пост на плошчах Перамогі і Свабоды аблюбаваў добраахвотны памочнік інспектараў ДАІ. Служба Дзеда Мароза таксама небяспечная і цяжкая: ён будзе спыняць кіроўцаў, правяраць дакументы і нават не выключана, што можа выпісаць штраф! Аднак добрасумленныя ўдзельнікі дарожнага руху ў галоўны святочны дзень ад строгага, але добрага дзеда атрымаюць толькі віншаванні і падарункі.
Шмат сюрпрызаў чакае і дзетак, якія апынуцца падчас працы Дзеда Мароза на плошчы. Разам з дзецьмі галоўны герой свята будзе вадзіць карагоды, раздаваць падарункі, а заадно ўспамінаць правілы дарожнага руху.
Напярэдадні навагодняга свята не застануцца без увагі дзеда і малышы, якія засталіся без бацькоў. Дзед Мароз-міліцыянер абавязкова зазірне на свята ў прытулак на вуліцы Залатогорскай, дадалі ў ДАІ.-0-