Дзед Мароз сёння будзе патруляваць дарогі Віцебска

28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дарогі Віцебска сёння будзе патруляваць Дзед Мароз. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзяленні агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. На адзін дзень галоўны навагодні герой стане і галоўным інспектарам ДПС абласнога цэнтра. Аднак, нягледзячы на ​​новую пасаду, яго ўбор застанецца ранейшым. Аўтааматары пазнаюць яго па чырвонай шубе, уражлівым мяшку падарункаў і паласатым жазле, які часова заменіць посах. Асноўным пастом Дзеда Мароза будзе плошча Свабоды. А ўсіх кіроўцаў, якіх Дзедушка спыніць, чакаюць прыемныя сюрпрызы. Разам са Снягуркай дысцыплінаваным удзельнікам дарожнага руху ён падорыць стужачкі на машыну "Я выконваю ПДР", паштоўкі і іншыя прыемныя падарункі. Нядоўгая служба Дзеда Мароза тлумачыцца высокай загружанасцю. Да надыходу Новага года яму яшчэ неабходна павіншаваць выхаванцаў дзіцячага прытулку горада. Між тым увесь перыяд навагодніх святаў узмоцненае патруляванне дарог будуць ажыццяўляць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Пры гэтым ніякіх зніжак за парушэнні нядбайным кіроўцам не будзе, падкрэслілі ў ДАІ. Усяго па стане на 27 снежня на дарогах Віцебскай вобласці адбылося 764 ДТЗ, што на 1,5% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года. У аварыях загінула 151 чалавек (на 23,4% менш) і 776 атрымалі траўмы (рост на 0,6%). У 71 ДТЗ пацярпелі дзеці, 5 з іх загінулі і 73 паранены. -0-