Дзейнасць тавараправодных сетак беларускіх прадпрыемстваў за мяжой будзе ўзята пад кантроль - А.Якабсон

23 мая, Сенна /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Дзейнасць тавараправодных сетак беларускіх прадпрыемстваў за мяжой будзе ўзята пад кантроль. Аб гэтым заявіў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон. У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт падвергнуў крытыцы дзейнасць замежных гандлёвых дамоў і тавараправодных сетак некаторых беларускіх прадпрыемстваў. "Пры фарміраванні плана работы КДК і Дэпартамента фінансавых расследаванняў на другое паўгоддзе вялікі ўпор будзе зроблены на кантрольныя мерапрыемствы ў дачыненні да тавараправодных сетак айчынных прадпрыемстваў за межамі краіны", - сказаў кіраўнік кантрольнага ведамства. У асноўным гэта краіны СНД. Адказваючы на пытанне аб праверцы тавараправоднай сеткі Мінскага трактарнага завода, Аляксандр Якабсон паведаміў, што праверка МТЗ ідзе. "Гэта буйное прадпрыемства і вялікі аб'ём работ. Гандлёвыя дамы і тавараправодныя сеткі іншых буйных айчынных прадпрыемстваў таксама знаходзяцца пад кантролем КДК", - дадаў ён.-0-