Дзеянне пастановы №991 распаўсюджваецца толькі на дзяржпрадпрыемствы і кампаніі з доляй дзяржавы - С.Сідорскі

4 жніўня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Дзеянне пастановы №991 "Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Беларусі" распаўсюджваецца толькі на дзяржпрадпрыемствы і кампаніі з доляй дзяржавы. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Мэта гэтага дакумента - максімальна адысці ад пасрэдніцкіх функцый у эканоміцы краіны, падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Ён нагадаў, што Прэзідэнтам былі прыняты рашэнні, якія тычацца набыцця таварна-матэрыяльных каштоўнасцей за межамі краіны па прамых дагаворах і кантрактах у вытворцаў. "Але, на жаль, ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу многія кампаніі працуюць за межамі краіны з юрыдычнымі асобамі, якія зарэгістравалі толькі па горадзе Мінску 6,3 тыс. фірмаў, не занятых вытворча-гаспадарчай дзейнасцю", - сказаў прэм'ер-міністр. І яны завозяць на дзяржаўныя прадпрыемствы і на прадпрыемствы з доляй уласнасці дзяржавы таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, у тым ліку камплектуючыя і іншыя матэрыялы, якія ідуць на вытворча-гаспадарчую дзейнасць. Такім шляхам у рэспубліку завезена за 6 месяцаў прадукцыі больш чым на $600 млн. Такім чынам, падмяняецца праца камерцыйных і забеспячальных службаў дзяржпрадпрыемстваў і ААТ з доляй уласнасці дзяржавы. Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што прынятая мера прызвана навесці парадак у гэтай сферы. Забяспечваць таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі прадпрыемствы павінны збытавыя арганізацыі, якія гэтым займаюцца і атрымліваюць за гэта зарплату, адзначыў прэм'ер-міністр.-0-