Дзекадная норма снегу выпала за мінулыя суткі ў Віцебску
29 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзекадная норма снегу выпала за мінулыя суткі ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Усяго за 28 снежня снежны полаг павялічыўся ў абласным цэнтры на 15 см да 36 см, што стала новым рэкордам дня за апошнія 73 гады: апошняя максімальная вышыня снегу ў 31 см назіралася ў Віцебску ў 1937 годзе. У цэлым за няпоўны месяц у Віцебску выпала амаль дзве дзекадныя нормы ападкаў, а па вобласці - паўтары, цалкам апраўдваючы беларускую назву снежня "снежань".
Паводле даных сіноптыкаў, апошнія дні года, што сыходзіць, таксама будуць суправаджацца снегападамі на фоне ўзмацнення маразоў. У найбліжэйшыя суткі начная тэмпература ў рэгіёне складзе мінус 6-11 градусаў, днём - 4-9 градусаў марозу. 30 і 31 снежня ўночы слупок тэрмометра можа апусціцца да 10-15 градусаў ніжэй за нуль, а пры праясненнях - да 18 градусаў марозу. Дзённая тэмпература складзе мінус 6-11 градусаў.
Абільныя снегапады дадалі клопатаў дарожным службам і дворнікам. Так, ва ўзмоцненым рэжыме працуюць тэхніка і супрацоўнікі УП "Гардармост", працоўны дзень якіх пераведзены з 8-гадзіннага на 11-гадзінны. Уборка горада вядзецца кругласутачна ў трохзменным рэжыме. Штодня вывозіцца каля 10 тыс.т снегу.-0-