Дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў прыедуць у Оршу на святкаванне Дня міру
15 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў прыедуць у Оршу на міжнароднае свята "Садружнасць", прысвечанае Дню міру, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім гарвыканкаме.
19 верасня ў Оршы збяруцца прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Цельшэй (Літва), Мінск Мазавецкі (Польшча), Пэрнік (Балгарыя), Бэлць (Малдова), Вязьма (Расія), а таксама раёнаў Заходняе Дэгуніна Масквы і Краснагвардзейскі Санкт-Пецярбурга. Усяго чакаецца больш за 70 гасцей. Удзельнікі свята наведаюць спаборніцтвы па аўтакросе і канцэрт "Міру - мір!" на плошчы калегіума езуітаў. Тут жа разгорнецца кірмаш народных майстроў.
На наступны дзень для гасцей будзе арганізавана аглядная экскурсія па Оршы з наведваннем спорткомплекса, выставачнай залы прадпрыемства "Чырвоны баец", Дзіцячага парку, гарадскога стадыёна, гімназіі №2, радзільні, музея У.С.Караткевіча, комплексу "Леўкі" і іншых аб'ектаў. Запланавана таксама сустрэча з рамеснікамі і прэзентацыя выставы работ мастакоў, фотамастакоў і нацыянальнага касцюма "Дзеля міру на Зямлі".
У Дзень міру, 21 верасня, удзельнікі міжнароднага свята працягнуць знаёмства з горадам, наведаюць выставу прадукцыі прадпрыемстваў і конкурс дзіцячага малюнка на асфальце "Нам патрэбен мір". У знак дружбы будзе закладзена алея Міру, а ўвечары адбудзецца гала-канцэрт "Мір - гэта галоўнае слова на свеце", які завершыцца маляўнічым феерверкам.
Арганізатарамі свята з'яўляюцца Аршанскі гарвыканкам і Віцебскае аддзяленне Беларускага фонду міру.-0-