Дэлегацыі з Польшчы і Балгарыі прыедуць у Оршу на святкаванне Дня міру
14 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дэлегацыі з Польшчы і Балгарыі прыедуць 15 верасня ў Оршу на святкаванне Дня міру, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноўскі.
Госці з гарадоў-пабрацімаў Мінска Мазавецкага (Польшча) і Перніка (Балгарыя) правядуць сустрэчу з кіраўніцтвам Оршы, на якой абмяркуюць магчымасці пашырэння культурнага абмену і эканамічных кантактаў, пазнаёмяцца з мясцовымі славутасцямі, а таксама прымуць удзел у вялікім святочным канцэрце ў Доме культуры чыгуначнікаў. Пры гэтым для ўдзелу ў апошнім мерапрыемстве польская дэлегацыя прывезла з сабой моладзевы ансамбль "Дамбруўка", які карыстаецца ў сваім родным горадзе заслужанай папулярнасцю.
Традыцыйнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі Дню міру, стануць тэматычныя круглыя сталы і выстаўкі ва ўстановах адукацыі, экспазіцыі і сустрэчы ў бібліятэках і музеях, дадаў Алег Смірноўскі. -0-