Дэлегацыі Латвіі і Польшчы прыедуць на форум па інавацыйным прадпрымальніцтве Віцебскай вобласці

Дэлегацыі Латвіі і Польшчы прыедуць на форум "Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці "Ад малога да вялікага". Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны.

Форум адбудзецца 17 лістапада ў Оршы. Удзел у ім прымуць прадстаўнікі бізнесу і ўлады Латвіі і Польшчы, уладальнікі і кіраўнікі малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальныя прадпрымальнікі, менеджэры і прыватныя інвестары, прадстаўнікі органаў улады, дзяржаўных структур падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва, а таксама маладыя людзі, якія прадставяць свае перспектыўныя распрацоўкі і стартапы.

"Моладзь з'яўляецца важным рэсурсам развіцця бізнесу, і перш за ўсё інавацыйнага. Праекты, якія будуць прадстаўлены на форуме, звязаны з эканомікай, медыцынай, энергарэсурсазберажэннем, IT-тэхналогіямі і іншымі тэмамі. Яны прайшлі папярэдні адбор і ўяўляюць пэўную цікавасць для прадпрыемстваў", - распавёў Канстанцін Чорны.

Лепшыя праекты будуць адзначаны арганізатарамі. На дыскусійных пляцоўках удзельнікі абмяркуюць актуальныя праблемы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва: заканадаўчае забеспячэнне, развіццё інфраструктуры, фінансава-крэдытную падтрымку, развіццё прамысловага і інавацыйнага бізнесу, узаемадзеянне малога і буйнога бізнесу, пераадоленне адміністрацыйных бар'ераў і інш. Будуць арганізаваны спецыялізаваныя трэнінгі, секцыі, праца біржы кааперацыі і субкантрактацыі. Узровень развіцця айчыннага прадпрымальніцтва прадэманструюць экспазіцыі "Перспектывы развіцця Віцебскай вобласці ў прамысловасці, лагістыцы і іншых галінах", "Інавацыйныя распрацоўкі і інавацыйная прадукцыя арганізацый Рэспублікі Беларусь", "Маладзёжныя інавацыйныя бізнес-праекты і робататэхніка".

Форум праводзіцца трэці раз з мэтай павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння паміж навуковымі, адукацыйнымі і вытворчымі структурамі, камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, а таксама стымулявання інавацыйнай актыўнасці арганізацый Віцебскай вобласці.

Арганізатары - Віцебскі аблвыканкам, Аршанскі райвыканкам, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу".

БЕЛТА.