Дэлегацыі васьмі краін прынялі ўдзел у свяце "Вішнёвы фестываль" у Глыбокім
Фестываль у Глыбокім адзначыў 5-гадовы юбілей. Мерапрыемства цвёрда стала на ногі. Сведчаннем таму з'яўляецца прысваенне "Вішнёваму фестывалю" міжнароднага статусу. Цёплае, бо праводзіцца ў ліпені, смачнае, калі меркаваць па назве, свята ў Глыбокім праходзіла 18-22 ліпеня.















У фестывалю ёсць велічная гаспадыня - Вішнёвая Каралева. Менавіта яна, прыбыўшы ў калясніцы да помніка вішні, вітае гасцей і ўдзельнікаў свята і дае старт афіцыйным мерапрыемствам. Адно з самых яркіх і відовішчных - урачыстае шэсце па галоўнай вуліцы з чароўнымі барабаншчыцамі і флагоносцамі. Культура Беларусі, Расіі, Арменіі, Рэспублікі Карэя, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі была прадстаўлена на міжнародным фестывалі. Калектывы, што прыбылі на свята, ужо паспелі пасябраваць, бо сталі ўдзельнікамі этнавечарыны, дзе былі арганізаваны майстар-класы па народных танцах.
Мае фестываль і свой талісман - Вішнёвік. Гэты персанаж, седзячы на балконе, пільна сачыў за ўсім, што адбываецца. На цэнтральнай плошчы Глыбокага адкрылі дэкаратыўна-мастацкую кампазіцыю "Дружба народаў". Было падкрэслена, што мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць форум. "Хочацца, каб кожны фестываль пакідаў нейкі памятны знак. А паколькі галоўная мэта свята - аб'яднанне людзей, то мы вырашылі ўвасобіць гэтую ідэю ў арт-аб'екце", - сказаў старшыня Глыбокскага райвыканкама Алег Мархат.
На адкрыцці кампазіцыі ў неба выпусцілі галубоў. Арганізатары праводзяць агляд-конкурс падворкаў "Вішнёвы паграбок", дзе прадстаўлены разнастайныя вішнёвыя стравы. Госці не перастаюць здзіўляцца фантазіі гаспадароў, якія да таго ж адрозніваюцца гасціннасцю. У Глыбокім была арганізавана і выстава-кірмаш работ народных майстроў. Гончар Сяргей Шчарба з Пастаўскага раёна прадставіў абварную кераміку, якую ў Беларусі яшчэ называюць "рабая" (назва відавочна перадае асаблівасці знешняга выгляду вырабаў з гліны). Асабліва ганарыцца майстар сваімі свістулькамі для дзяцей. Гэтыя музычныя інструменты ў асноўным прывёз на фестываль гончар і гарманічна ўпісаўся ў атмасферу "Вішнёвага фестывалю". І на сцэне, і на іншых пляцоўках было чаму здзіўляцца і нават захапляцца.
На фестывалі можна было праводзіць конкурс вішнёвай прыгажуні. Праўда, журы давялося б нялёгка, бо дзяўчаты на гэтым свяце адна другой ярчэй. Сёлетні "Вішнёвы фестываль" атрымаўся па-сямейнаму цёплым, яркім і жыццярадасным. Свята было багата на сустрэчы і эмоцыі. Шчыра хочацца зняць капялюш перад арганізатарамі і спадзявацца на новыя сустрэчы з вішнёвай казкай у Глыбокім.
Алена ТІХАНАВА. Фота Аляксандра ХІТРАВА, БЕЛТА.