Дэлегацыі ВНУ чатырох краін возьмуць удзел ва ўрачыстасцях да 100-годдзя Віцебскага дзяржуніверсітэта
23 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дэлегацыі ВНУ чатырох краін прымуць удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэта.
Юбілейныя ўрачыстасці будуць праходзіць на працягу ўсяго бягучага тыдня на ўсіх факультэтах. Да 100-годдзя ў ВНУ адкрыюцца абноўленая экспазіцыя музея і выстава работ навучэнцаў мастацка-графічнага факультэта. У час акцыі "Універсітэту - усяго 100!" перад галоўным корпусам навучальнай установы студэнты складзуць надпісы "ВДУ - 100", "Мы любім ВДУ" і "З днём нараджэння, ВДУ". У рэктараце пройдуць прыёмы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, а таксама лепшых студэнтаў ВНУ. Акрамя таго, 100-годдзю былі прысвечаны практычна ўсе навуковыя, адукацыйныя і грамадска значныя мерапрыемствы ўніверсітэта на працягу года. Усяго ў план падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя ўніверсітэта ўключана амаль 100 мерапрыемстваў, якія праходзілі кожны тыдзень у юбілейным годзе.
Апафеозам свята стане 26 лістапада, якое лічыцца датай нараджэння вышэйшай навучальнай установы. У гэты дзень адбудзецца пашыранае пасяджэнне Савета ВДУ, у якім прымуць удзел прафесарска-выкладчыцкі склад, ветэранская і студэнцкая грамадскасць, а таксама ганаровыя госці ВНУ. Павіншаваць калег з юбілеем прыедуць дэлегацыі Беластоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (Польшча), Усходнекітайскага тэхналагічнага інстытута і Хух-Хотоскага прафесійнага інстытута (Кітай), Татарскага дзяржаўнага гуманітарна-педагагічнага ўніверсітэта і Марыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія), Вінніцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М.Кацюбінскага і Крэменчугскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта ім. М.Астраградскага (Украіна).
Віцебскі дзяржуніверсітэт вядзе актыўную работу на міжнароднай арэне, падпісаны і ажыццяўляюцца дагаворы аб супрацоўніцтве з больш чым 30 ВНУ-партнёрамі з 17 краін свету. Сумесна з калегамі з Хух-Хотоскага прафесійнага інстытута віцебскі ВНУ стварае Беларуска-кітайскі ўніверсітэт. ВДУ ўдзельнічае ў выкананні трох міжнародных праектаў па праграме Еўрапейскага саюза "Тэмпус-4". Акрамя таго, міжнародныя праекты рэалізуюць кафедры ўніверсітэта. Так, кафедра заалогіі прымае ўдзел у кальцаванні і вывучэнні міграцыі птушак праграмы SE European bird migration network. Кафедра батанікі ўдзельнічае ў выкананні беларуска-расійскага праекта "Храналогія флоры і фаўны Беларуска-Валдайскага Паазер'я". Канцэпцыяй развіцця ўніверсітэта на 2010-2015 гады, якая ўпершыню распрацавана ў ВНУ, прадугледжваецца пашырэнне супрацоўніцтва з замежнымі ВНУ і нарошчванне экспарту адукацыйных паслуг, у тым ліку за кошт штогадовага павелічэння прыёму на навучанне замежных грамадзян. Прадугледжваецца арганізацыя рэкламных кампаній, сярод перспектыўных напрамкаў пошуку новых партнёраў Сірыя, Турцыя, КНР, Індыя, Туркменістан і шэраг іншых краін.
У 2010 годзе Віцебскі дзяржуніверсітэт сертыфікаваў сістэму менеджменту якасці ВНУ (СМЯ) на адпаведнасць стандарту СТБ ISO 9001-2009 і ў нямецкай сістэме акрэдытацыі DIN EN ISO 9001-2008. Укараненне і сертыфікацыя СМЯ павышае прэстыж і канкурэнтаздольнасць ВДУ на міжнародным узроўні, дае магчымасць універсітэту актыўна інтэгравацца ў еўрапейскую адукацыйную прастору.
Да юбілейных урачыстасцей універсітэт выдаў кнігу аб векавой гісторыі ВНУ. Трохсотстаронкавы фоліянт будзе паднесены ў якасці падарунка ганаровым гасцям юбілейных урачыстасцей. У выданне, падрыхтаванае аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам рэктара ВДУ прафесара Аляксандра Саладкова, увайшлі матэрыялы, якія адлюстроўваюць навучальную, навуковую і міжнародную дзейнасць універсітэта, усе аспекты падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў, а таксама праводзімую выхаваўчую работу.
Віцебскі настаўніцкі інстытут быў адкрыты ў лістападзе 1910 года для падрыхтоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучэльняў і стаў першай навучальнай установай такога тыпу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пры інстытуце складалася двухкласная гарадская вучэльня для практычных заняткаў выхаванцаў з трохгадовым курсам навучання. У інстытут прымалі маладых людзей усіх званняў і саслоўяў не маладзейшых за 16 гадоў. Кожны паступаючы даваў падпіску адпрацаваць не менш за 6 гадоў на пасадзе настаўніка гарадской вучэльні па размеркаванні вучэбнага начальства. У штат ВНУ уваходзілі дырэктар, 15 выкладчыкаў, законавучыцель, лекар і пісар. У інстытуце выкладаліся педагогіка, руская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і фізіка, чарчэнне і маляванне, чыстапісанне, спевы і гімнастыка, ручная праца.
Віцебскі настаўніцкі інстытут існаваў да 1917 года, пасля рэвалюцыі перададзены ў веданне Наркамасветы і пераўтвораны ў педагагічны інстытут. Статус класічнага ўніверсітэта ВНУ атрымаў 1 верасня 1995 года ў выніку рэарганізацыі педагагічнага інстытута, а ў лютым 1998 года яму прысвоена імя Пятра Машэрава, выпускніка віцебскага ВНУ. Універсітэт вядзе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне педагогікі, псіхалогіі, гуманітарных, прыродазнаўча-матэматычных навук, мастацтва і дызайну, права, сацыяльнай работы і фізічнай культуры. Усяго ВНУ рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па 8 профілях, 40 спецыяльнасцях, 15 напрамках і 35 спецыялізацыях на 11 факультэтах. Сёння ў ВДУ вучыцца больш за 4,7 тыс. студэнтаў на дзённым і амаль 5,5 тыс. на завочным аддзяленнях.-0-