Дэлегацыя беларускіх ветэранаў вайны 3-5 чэрвеня наведае Мурманск

30 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Дэлегацыя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Беларусі 3-5 чэрвеня гэтага года наведае Мурманск (Расійская Федэрацыя). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела па справах ветэранаў і пажылых людзей упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Нагібін. У складзе дэлегацыі ў асноўным ветэраны ВАВ з Віцебскай вобласці на чале са старшынёй абласнога Савета ветэранаў генералам у адстаўцы Генадзем Герасімовічам. Праграма візіту беларускіх ветэранаў у Мурманск вельмі насычаная. Запланаваны сустрэчы з ветэранскім актывам Мурманскай вобласці, ветэранамі Паўночнага флоту, наведванне месцаў абароны Запаляр'я, мемарыяльных комплексаў. Ветэраны Віцебшчыны сустрэнуцца з экіпажам крэйсера "Дзмітрый Усцінаў". Гэта ўжо чацвёртая ў гэтым годзе паездка беларускіх ветэранаў у Расійскую Федэрацыю (у красавіку ветэранская дэлегацыя наведала Бранск, у маі - Валгаград і Тулу). А наступная паездка плануецца ў сярэдзіне чэрвеня ў Падмаскоўе. Візіты дэлегацый беларускіх ветэранаў арганізуюцца ў адпаведнасці з міжурадавымі пагадненнямі. На гэтыя мэты прадугледжаны сродкі рэспубліканскага бюджэту.-0-